Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 38

Іван Навуменка

Яша і Калашкан штодня хадзілі цяпер на Першамайку. Яны, як свае, купаліся ў копанцы, гулялі з першамайцамі ў «ялавога» і «кругавога». Каля самай копанкі стаялі ўжо качэлі. Іх памагалі ставіць і Яша з Калашканам. Яны разам з усімі хлопцамі неслі слуп ад самай старой грэблі. Змітрок у дадатак забяспечыў першамайцаў жалезным колам, якое ён прывалок з дому. Без гэтага кола, што круцілася на самым версе слупа, не было б ніякіх качэляў. Так што цяпер Яша і асабліва Змітрок мелі свае заслугі перад Першамайкай і ніхто не мог папракнуць іх за мінулае.

З Лізай Яша таксама памірыўся. Ён убачыў яе ў першы ж дзень, як яны прыйшлі на Першамайку. Яшу было вельмі сорамна за тое, што ён тады ўзяў Лізу ў палон. Але яна пра гэта не ўспамінала сама і, здаецца, ніколі не крыўдавала за мінулае.

У цябе ёсць сшыткі? — спытала Ліза.

Пяць штук, — Яша паглядзеў у зямлю. — I адзін леташні, падпісаны. Але ён зусім чысты...

А ў мяне дваццаць. Мне мама купіла...

Яша маўчаў. Ён не мог пахваліцца такім багаццем.

— Я табе два сшыткі дам, — сказала Ліза. — I сцірку дам, у мяне дзве...

Вядома, і пасля гэтага сшыткаў у Лізы заставалася больш, але Яша лішняга не хацеў.

Яша аднойчы спытаў у белагаловага Косці пра камуну. Ён яшчэ не дужа верыў, што яна ў першамайцаў ёсць. Аркадзь Панядзелак расказваў пра агарод, майстэрню і сталовую, але нічога гэтага Яша не бачыў. Таму ён думаў, што Аркадзь проста хлусіў. Нельга ж два самакаты і тую маленькую будачку, дзе ляжыць трохі яблыкаў лічыць камунай... Камуна ўяўлялася Яшу чымсьці вялікім, прыгожым, дзівосным, што бывае толькі ў казцы.

Косця засмяяўся.

— Камуна — гэта не казка, — сказаў ён. — Проста ўсе людзі будуць некалі так жыць. Мы робім усё разам, вось табе і маленькая камуна. Ты ж адзін качэлі не паставіў бы...

Нічога дзіўнага, незвычайнага першамайцы сапраўды не рабілі. Але ў іх было весела. Таму Яша і Змітрок, як толькі здаралася вольная часіна, беглі на Першамайку. Адзін раз яны ўбачылі нешта зусім новае. На Косцевым двары стаяла аж тры тачкі. На іх хлопцы грузілі нейкія палкі.

— Гэта крушына, — растлумачыў Косця. — Мы яе сушылі, а цяпер возім здаваць. Пудоў дваццаць у нас. Мы грошы збіраем на лыжы і канькі.

Яша і Калашкан не верылі сваім вушам. Яны ніколі не думалі, што за крушыну плацяць грошы. Яе ж у лесе можна наламаць колькі хочаш.

— Мы і лазу здавалі, — хваліўся Косця. — I ўжо зарабілі сорак восем рублёў.

Яша ледзь не плакаў. У яго не было ні канькоў, ні лыж. Каб ён ведаў, то даўно б перайшоў да Косці і сушыў бы гэтую самую крушыну.

Першамайцы нагрузілі свае тачкі і павезлі крушыну. Яша і Змітрок ішлі за імі ўслед з апушчанымі галовамі. У іх былі толькі канькі-дзеравяшкі, і спадзявацца на лепшае пакуль што не прыходзілася.

Можа, вы будзеце яшчэ сушыць крушыну? — з надзеяй спытаў Яша.

Не, болей не прымаюць, — Косця, мабыць, шкадаваў, што залішне пахваляўся. — Будзем яшчэ здаваць косці і жалеза.

Мы касцей і жалеза можам сто пудоў назапасіць, — загарэўся Яша.