Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 37

Іван Навуменка

— А хто ж прыносіць сюды яблыкі? — пацікавіўся Яша.

— Усе, у каго ёсць сад, — расказваў Косця. — Пасля работы мы іх дзелім. А хто не працаваў, таму нічога не даём. У нас і свая бібліятэка ёсць, і майстэрня...

— І ў вас многа кніг?

— Дзевятнаццаць штук. Але цікавых толькі шэсць, — прызнаўся Косця.

— А ў вашу бібліятэку можна запісацца?

— Можна, толькі трэба прынесці сваю кнігу.

Кнігі ў Яшы не было, і гэта яго засмуціла. Прапанаваць стары падручнік арыфметыкі ён не адважыўся, а «Містэра Цвісцера» — падарунак настаўніцы — не хацелася аддаваць.

— У мяне ёсць кніга пра Бураціна і залаты ключык, — успомніў Яша. — Толькі ў мяне палавіна, я яе сам перапісваў...

— У нас ёсць Бураціна, — сказаў Косця. — Прынесла Ліза. Нічога, мы цябе запішам і без кнігі. Прынясеш, як будзе ў цябе.

Добры хлопец гэты белагаловы Косця. Ён нічога не шкадаваў і адразу ішоў на ўступкі. Яшу ён вельмі спадабаўся. Калашкан таксама не сказаў нічога дрэннага пра Косцю.

— Толькі ён нейкі ціхі, — здзівіўся Змітрок. — Ён жа і крычаць не ўмее. Як толькі Косця камандаваў войскамі і перамог Тарабана?

Гэта было дзіўна і незразумела. Ціхі, памяркоўны Косця здаваўся слабым у параўнанні з самаўпэўненым, грубым Алёшам. Не, ні Яша, ні Змітрок не маглі ўявіць Косцю камандзірам. Але ж неяк ён з'яднаў Першамайку?

XIV

Белагаловы Косця любіў чытаць. Кнігі прывабілі яго вельмі рана, можа, з дзевяці ці нават з васьмі гадоў. Маці з раніцы ішла на работу, малодшая сястра не ўмешвалася ў Косцевы справы, клапоцячыся толькі аб сваіх ляльках, якіх трэба было і накарміць, і абшыць. Косця быў самастойны і незалежны. Ён рабіў што хацеў у сваёй прасторнай хаце з двух пакояў. I ён чытаў. Чытанне займала большую частку таго часу, якога ў Косці было колькі хочаш. Да дванаццаці год хлопец праглынуў, мабыць, болей за сотню кніг. Магчыма, па гэтай прычыне Косця і вылучаўся сярод астатніх хлопцаў Першамайкі. Ён заўсёды ўсё ведаў. Ён мог расказаць і пра пустыню Сахару, і пра Паўночны полюс, і пра тое, што людзі хутка паляцяць да зорак.

Здавалася, на белым свеце не існуе ніводнай загадкі і таямніцы, пра якую б белагаловы Косця нічога не ведаў. Першамайскія хлопцы гарнуліся да Косці і даражылі яго сяброўствам.

Была, вядома, яшчэ адна надзвычай важная прычына, якую нельга скідаць з рахунку, калі гаварыць пра папулярнасць Косці на Першамайскай вуліцы. Дзверы яго хаты гасцінна расчыняліся перад кожным, хто б пажадаў сюды зайсці. Тут было заўсёды людна. Хлопцы таўкліся ў Косці ад ранку да вечара. Ніхто на іх не крычаў, і ніхто не ўмешваўся ў іх справы. Косця вызначаўся надзвычай добрым і памяркоўным характарам: ён дазваляў у сваёй хаце ўсё. У яго гулялі ў шашкі, майстравалі розныя машыны і хітрыя штукі, а калі на стале ляжаў бохан хлеба, то адломлівалі па ёмістаму кавалку і елі, нібы свой уласны. Нездарма пазней, калі арганізавалася камуна, Косцева хата стала штабам.