Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 40

Іван Навуменка

Косця расказваў пра Афрыку. Ён ганарыў так маляўніча і пераканаўча, нібы вандраваў па Афрыцы сам. Яша слухаў і, здаецца, бачыў на ўласныя вочы густыя трапічныя лясы, перавітыя ліянамі, высокія какосавыя палі.мы, на якіх віселі арэхі, кожны велічынёй з галаву. Па афрыканскіх гушчарах блукалі тыгры і львы, у водах блакітнага Ніла плавалі нснажнрныя кракадзілы. Але Яша крочыў за Косцем па Афрыцы і не адчуваў ніякага страху. Побач былі хлопцы, белагаловы Косця. Перад імі, дружнымі і з'яднанымі, адступала ўсё...

Свет раскрываў перад прыціхшымі хлопцамі свае бясконцыя дары і цуды. I было незабыўна хораша ад адчування багацця жыцця, ад таго, што не ўсё яшчэ адкрыта і знойдзена на зямлі, што можна яшчэ быць і магеланамі, і калумбамі. У небе блішчалі зоркі, гарэў агонь, звінелі званкамі коні. I тут ля агню разгараліся і плылі ў неабсяжную далячынь хлапечыя мары...

Яша цяпер разумеў, чаму першамайцы слухаюць Косцю. Ён не быў такі дужы, як руды Алёша, затое ён быў вельмі разумны. Яша дзівіўся: як можна столькі ўтрымаць у галаве? Галава ў Косці, здаецца, была такая самая, як і ў другіх, а ведаў ён, можа, у сто разоў болей...

Пасля пяклі ў прыску бульбу. Ніколі яшчэ Яша не еў такой смачнай бульбы. Яна сама рассыпалася ў роце і была смачнейшай за ўсё, што яму даводзілася да гэтага часу каштаваць.

Аднаго вечара Яша расказваў першамайцам пра гару Багародзіцкую. Слухалі яго ўважліва, а калі ён скончыў, усе змоўклі і запытальна паглядзелі на Косцю.

— Пра царкву, якая затанула, выдумалі, — сказаў Косця. — А гара Багародзіцкая ўзнікла пасля ледавіка.

Косця гаварыў пра ледавікі, якія ішлі з далёкай Поўначы, праўзгоркі, балоты і азёры, утвораныя магутнымі льдамі... Яша слухаў і не мог наслухацца...

Разгаварыліся і пра Пепу. Болыдасць хлопцаў лічыла яго чараўніком.

— Мой дзядзька, які цяпер у горадзе, ведае Пепу, — сказаў Косця. — Ніякі ён не чараўнік. Пепа вучыўся за доктара, а калі горад занялі белыя, ён дапамагаў нашым. За гэта белыя замучылі на яго вачах маці і сястру. Яго самога таксама два разы прастрэлілі кулямі, але ён выжыў. З таго часу Пепа такі.

Косця ведаў вельмі многа. Можа, яму расказваў пра ўсё гэта дзядзька, які працаваў у горадзе і летась прыслаў Косцю валейбольны мяч і сетку...

Першамайка вабіла Яшу, як магніт. Ён ужо не мог пражыць дня, каб не збегаць да белагаловага Косці, не пакруціцца на качэлях. Змітрок Калашкан быў таксама сваім чалавекам на Першамайцы. Яго там паважалі за праўдзівасць і незалежнасць характару. Да першамайцаў хадзілі гуляць Алесь Бахілка і другія хлопцы. Бахілка як камандзір Тарабанавага палка спачатку трохі пабойваўся, але яго таксама ніхто не крануў, і Алесь пасмялеў. Аднаго Аркадзя Панядзелка не любілі на Першамайцы, і ён не паказваў туды носа. Руды Алёша ўсё хварэў, і пра яго ніхто не ўспамінаў. Усім было добра і без Алёшы.