Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 41

Іван Навуменка

Але Тарабан напомніў пра сябе сам. Аднаго разу, калі Яша вяртаўся з Першамайкі дадому, ён нос у нос сутыкнуўся з Тарабанам. Той сядзеў на беразе Цітавай копанкі і, відаць, спецыяльна пільнаваў Яшу.

— Дзе быў? — грозна спытаў Алёша. Яша хлусіць не ўмеў і расказаў усю праўду.

— Я з вамі пагавару яшчэ, — паабяцаў Алёша. — Не ўцячэ ад мяне ні твой Калашкан, ні Бахілка. Можаш ім перадаць...

І Тарабан, даўшы моцнага кухталя, адпусціў Яшу.

— Калі яшчэ пойдзеш на Першамайку, то будзе не гэтак, — прыгразіў ён. — Зарубі сабе на носе...

Крыўда перапаўняла Яшавы грудзі. Якое права мае гэты Алёша ўсімі камандаваць і з усіх здзекавацца? Рад, што ў яго здаравенныя кулакі. Яша на першым часе не ведаў, што рабіць. Гсці скардзіцца Косцю яму не хацелася. Ён жа ўсё-такі служыў у Тарабанавым войску, і Косця тут ні пры чым. Але Яша нават не дапускаў думкі, што заўтра не пойдзе на Першамайку.

Хлопец пабег агародамі да Калашкана. Змітрок, выслухлўшы навіну, раззлаваўся.

— Я ведаў, што гэты Тарабан будзе яшчэ лезці, — рашуча сказаў ён. — Трэба яго правучыць.

Яны рушылі да Бахілкі. Бахілка спачатку вагаўся, але, калі Яша сказаў яму пра Алёшавыя пагрозы, набраўся ваяўнічасці. Утрох яны падышлі да Тарабанавага двара. Яны хадзілі, можа, цэлую гадзіну і з выклікам свісталі, пакуль Алёша заўважыў іх. Нарэшце ён выйшаў са свайго двара.

— Ногі ліжаце Косцю! — падступіў ён да Калашкана. — Думаеш, гэта вам так пройдзе...

— Ты да нас не лезь, Тарабан, — Змітрок гаварыў спакойна. — Мы будзем рабіць што захочам...

Калашкан хацеў абысці Тарабана, але той загарадзіў яму дарогу. Тады да рудога Алёшы падышлі Яша з Бахілкам.

— Мы цябе не чапаем, і ты нас не чапай, — дрыжачым ад узбуджэння голасам сказаў Яша. — Хопіць табе камандаваць...

Тарабан схапіў Яшу загрудкі. У тую ж хвіліну Калашкан падставіў ножку а Бахілка тузануў яго за плечы. Тарабан упаў а ўсе трое стаялі. Алёша ўсхапіўся. Ён проста шалеў ад злосці. Цяпер ён кінуўся з кулакамі на Калашкана. Паўтарылася тое самае — трое былі намнога дужэй за аднаго. Алёша ўстаў з зямлі, але біцца ўжо не кідаўся. Ён неяк адразу звяў, адчуўшы, што адзін нічога не зробіць. Угнуўшы галаву ў плечы, Тарабан пайшоў у свой двор...

Насупраць Тарабанавага двара, на выгане, хутка сабраліся амаль усе хлопцы, якія ваявалі ў Алёшавым войску. Не было толькі Аркадзя Панядзелка і Лузаніка. Хлопцы пра ўсё ўжо ведалі, але ніхто не заступіўся за Алёшу. Усе смяяліся, гаманілі, а Тарабан адзін хадзіў па сваім двары. Яшу зрабілася нават шкада Алёшы. Усё-такі ён смелы хлопец. Ён жа і не дурны. Ці нельга з ім дамовіцца проста, без ніякай бойкі? Яша ўжо хацеў сказаць пра гэта Бахілку і Калашкану, каб паклікаць Алёшу і памірыцца, але Тарабан у гэтую хвіліну выйшаў з двара сам.

Па аднаму цяпер не хадзіце, — крычаў ён. — Галовы паадкручваю...

Не палохай, — адказаў Калашкан. — Не баімся.

— Генерал без арміі! — крыкнуў Яша.

Тарабан зноў знік на сваім двары. Мірыцца ён не хацеў... Назаўтра трэба было ў школу. Па Яшу забег Змітрок. I зусім нечакана прыйшоў Косця Кветка. Ён яшчэ ніколі не быў на Яшавым двары.