Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 36

Іван Навуменка

Хлопцы непрыкметна дайшлі да першамайскага выгану, і тут Яша ўбачыў новую копанку, якую хацеў захапіць руды Алёша. Копанка была невялікая, але, мабыць, глыбокая. Вада ў ёй светлая, зусім не такая, як у Цітавай. Паблізу стаяў невялікі буданчык.

Вы доўга яе капалі? — спытаў Яша.

Цэлы месяц, — з гонарам адказаў хлопец, якога звалі па-вулічнаму Брык. Сапраўднага імя хлопца Яша не ведаў, бо той перайшоў толькі ў другі клас.

Цэлы месяц капалі, — хваліўся Брык. — Мы сюды нават малькоў пусцілі. Налета будзем лавіць карасёў і шчупакоў.

Карасёў не будзе, — заявіў Яша. — Застануцца адны шчупакі.

Чаму? — вылупіўся Брык. Ён пазіраў на Яшу з незахаванай варожасцю — Шчупакі з'ядуць карасёў, — адказаў Яша, помсцячы Брыку за лішнюю самаўпэўненасць. — Які дурань пускае карасёў разам са шчупакамі?

Брык анямеў. Ён не чакаў такой смеласці ад Яшы, які адкрыта выступаў супроць першамайскіх парадкаў.

Вы ўсе такія! — апомніўшыся, залямантаваў Брык. — У вас ніякай копанкі няма, дык вы хацелі нашу захапіць...

Мы з ім не нападалі на вас, — падтрымаў Яшу Калашкан. — Мы даўно выйшлі з Тарабанавай арміі.

Сціхні, Васіль! — умяшаўся ў спрэчку белагаловы Косця. — Ты заўсёды крычыш болей за ўсіх.

Яны ўсё разведаюць і нападуць на нас, — не сунімаўся Брык.

— Вось пабачыце.

Яшу стала няёмка. Ён тузануў Калашкана за рукаў, запрашаючы пайсці прэч ад гэтай копанкі, на якую яны не мелі ніякіх правоў. Хлопцы рушылі, ні з кім не развітаўшыся. Іх дагнаў на паўдарозе сам белагаловы Косця. Ён аж задыхаўся ад шпаркага бегу.

— Не слухайце вы гэтага Брыка, — сказаў Косця. — Ён нічога не разумее, таму і крычыць. Пайшлі купацца...

Хлопцы пераглянуліся. Яны ніколі не думалі, што Косця такі добры. Ён запрашаў купацца ў той самай копанцы, якая належала толькі Першамайцам і якую нядаўна іхні Тарабан хацеў захапіць.

— Мы не хочам ніякай вайны, — расказваў па дарозе Косця.

— Але з вашым гэтым Алёшам хіба дамовішся? Ён проста дурань. У нас жа не армія, а камуна. Зрабіце і вы, калі хочаце, камуну. А навошта біцца?

— Тарабана ніхто не слухае болей, — жадаючы сказаць Косцю прыемнае, прамовіў Яша. — Ніякай арміі ўжо няма. А мы з Калашканам даўно ўжо не ваюем.

— Я вас і даганяў таму — прызнаўся Косця. — Давайце дружыць. Скажыце хлопцам, няхай прыходзяць да нас. Мы гіганцкія крокі, качэлі такія, будзем рабіць. На слупе...

Брык стаяў надзьмуўшыся. Ён, відаць, не мог дараваць Яшу абразы і не разумеў, чаго Косця вярнуў назад гэтых хлопцаў са Слабодкі.

Усё ж мы вам далі, — сказаў Брык, убачыўшы, што ні Яша, ні Калашкан болей не збіраюцца ісці дамоў. — Мы ведалі, што гэты ваш Тарабан нападзе. У нас было, можа, сто пудоў каменняў.

— Алёша цяпер баіцца вас, — супакоіў Яша Брыка. — З ім болей ніхто не гуляе, і арміі ў яго няма.

— Няхай ён паспрабуе толькі! — гарачыўся Брык.

Яша з Калашканам прабылі ў першамайцаў да вечара. Хлопцы бачылі два іхнія самакаты. Іх сапраўды не трэба было папіхаць ззаду. Толькі вадзі за рычаг уперад і назад. Ніякай камуны, апрача невялікай будачкі, дзе змяшчалася крама, хлопцы не заўважылі. У гэтай краме было не дужа тавараў. Ляжала некалькі груш і яблыкаў — вось і ўсё.