Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 35

Іван Навуменка

Вестка аб тым, што Пепа выратаваў рудога Алёшу ад смерці, уразіла хлопцаў нібы пярун з яснага неба. Толькі Яша не здзівіўся. Ён даўно ведаў, што Пепа не дурны, што гэта толькі так думаюць пра яго, бо ён усіх слухаецца.

— Я табе даўно казаў пра Пепу, — спаткаўшыся з Калашканам, хваліўся Яша. — Ён ад усякай хваробы можа вылечыць. I бачыш, ён зусім не помсціцца: Алёша з яго здзекаваўся, а ён яго ўратаваў ад смерці.

Калашкан цяпер не спрачаўся. Ён толькі не мог зразумець, чаму Пепа не ідзе ў бальніцу і не заявіць дактарам, што ўмее лячыць.

Дні ішлі.

Да Алёшы, які не ўставаў з пасцелі цэлых два тыдні, ніхто з хлопцаў не хадзіў. Нават Алесь Бахілка і Аркадзь Панядзелак, якія лічыліся камандзірамі палкоў, абміналі Тарабанаў двор. Яша не вытрымаў і падкалоў аднойчы Бахілку, які, налаташыўшы яблыкаў, еў іх на поўны рот.

— Ты хоць бы адно Алёшу занёс. Даведаецца ён, што адзін еў, то пералічыць табе рэбры...

Бахілка пачырванеў і ў першую хвіліну нічога не змог адказаць.

Я сам па сабе, а Тарабан сам па сабе, — прамовіў ён нарэшце. — Хіба я наймаўся яму служыць?

Вось Аркадзь пра ўсё раскажа Алёшу, тады будзеш ведаць.

Няхай расказвае, — абыякава адазваўся Алесь. — Што я такое зрабіў?

Алёшава армія распадалася на вачах. Ніхто не хваліўся першай сёлетняй перамогай ля Цітавай копанкі. Хлопцы нават не злавалі, калі хто-небудзь успамінаў, як першамайцы гналі іх ад сваёй новай копанкі. Лопнуў нейкі абручык, парваліся нябачныя ніці, якімі яшчэ нядаўна ўсе былі моцна звязаны.

Вайна скончылася паражэннем Слабодкі, і ніхто не хацеў пра гэта ўспамінаць...

Незадоўга да заняткаў Яша з Калашканам пайшлі ў арэхі. Арэхаў было мала, хлопцы нарвалі ўсяго па адной кішэні. Нехта ўжо тут добра папасвіўся. Выбраўшыся з густога ляшчынніку на паляну, Яша са Змітраком ледзь не самлелі ад страху: проста на іх ішоў белагаловы Косця са сваімі першамайцамі. Сябры ўжо хацелі рвануць наўцёкі, але чамусьці стрымаліся. На твары Косці і хлопцаў, што яго акружылі, не было ніякай злосці.

— Не бойцеся, — проста сказаў Косця. — Мы не будзем біцца. Першамайцы сапраўды не збіраліся ні караць, ні забіраць у палон сваіх нядаўніх праціўнікаў. Яны трашчалі арэхамі і з цікавасцю глядзелі на Яшу і Калашкана. Але размова не клеілася. Ні Яша, ні Змітрок не ведалі, пра што гаварыць...

— Калі хочаце, пайшлі з намі, — прапанаваў Косця. — Арэхаў не нарвяце, мы ўжо былі тут.

Калашкан і Яша пайшлі. Яны хоць і не ўдзельнічалі ў апошнім налёце на Першамайку, але нібы адчувалі віну перад белагаловым Косцем і таму маўчалі. Першамайцы размаўлялі пра сваё. Яны гаварылі пра нейкія качэлі і пра слуп, які трэба выкапаць ля старой грэблі. Яша заўважыў, што першамайскія хлопцы зусім не баяцца белагаловага Косці. Яны перабіваюць яго і нават з ім спрачаюцца. Гэта здзівіла і ўразіла Яшу.