Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 34

Іван Навуменка

З Калашканам Яша здружыўся моцна. Ён кожнай раніцы агародамі бег да яго. Вуліцай хлопец не хадзіў — баяўся напаткаць Тарабана. Яны з Калашканам нават правялі адзін да аднаго тэлефон. Для гэтага Змітрок сцягнуў у бабулі клубок нітак, і яны разматалі яго па агародах ад Калашканавага да Яшавага двара.

Пепа, убачыўшы неяк у руках у Яшы дзвюх маленькіх берасцянак, раззлаваўся. Такім злосным Яша не бачыў яго ніколі.

— Птушак нельга чапаць, — пырскаў ён слінаю. — Без птушак загіне і лес, і поле...

Пепа крычаў і не ведаў, што хлопец не думае рабіць птушкам ніякай шкоды. Яша ж хацеў толькі, каб гэтыя берасцянкі жылі ў яго... Сварыцца з пастухом Яша не жадаў, і таму ён выпусціў берасцянак.

Яны весела пархнулі і зніклі з віду.

У абед прыбег Змітрок і прынёс навіну, ад якой Яша адразу забыў пра Пепу.

— Тарабана разбілі першамайцы ўшчэнт, — хвалюючыся, расказваў Калашкан, і нельга было зразумець, радуецца ён ці не. — Яны выкапалі сабе новую копанку, а Тарабан хацеў адбіць яе ў іх, каб купацца самому. Дык яму ж і далі!.. Гналі да самага двара і цяпер, не баючыся, ходзяць па нашай вуліцы. Я казаў, што ёгг дамілуецца са сваім Панядзелкам. Каб я быў там, то не разбілі б...

— Першамайцы выкапалі новую копанку? — здзівіўся Яша.

Выкапалі. Мне Бахілка расказаў. Копанка маленькая, але вады па самую шыю.

— Дык чаго ж Алёша лез да першамайцаў? Копанка ж іхняя. Гэта ж Цітаву ніхто не капаў...

— Так яму і трэба, Тарабану, — радаваўся Змітрок. — Бахілка казаў, што таксама болей не будзе служыць у арміі. Алёша толькі б'ецца і крычыць. Ён думае, што яго ўсе баяцца. А гэты белагаловы Косця ніколькі не баіцца.

Паражэнне сваёй слабадской арміі на гэты раз зусім не засмуціла Яшу. Яму не хацелася, як летась, бегчы на Тарабанаў двор і ўступаць у войска рудога Алёшы.

ХІІІ

Лета канчалася. Яша ўжо купіў падручнікі для трэцяга класа і наперад ведаў усю чытанку. Яму хацелася ў школу. Ён успамінаў гаманлівую мітусню на перапынках, урачыстую цішыню класа, калі Марыя Рыгораўна вось-вось павінна некага выклікаць, паўзмрок школьнага музея, дзе былі чучалы розных птушак, а ў шафе за шклом стаялі шклянкі з заспіртаванымі гадзюкамі, вужакамі і рознымі рыбамі. За лета Яша назапасіў многа пытанняў, на якія магла адказаць толькі настаўніца. Ён і сам пра многае даведаўся за гэтае лета, бадзяючыся з Калашканам па лесе. Таму Яша наперад уяўляў сабе, як здзівяцца Марыя Рыгораўна, Ліза, усе іхнія вучні, калі ён пачне расказваць пра тое, што бачыў і чуў.

Вайной з Першамайкай хлопец перастаў цікавіцца зусім. У глыбіні душы ён нават радаваўся, што Тарабанава армія разбіта. Мабыць, выплылі наверх усе тыя крыўды, якія прычыніў Яшу руды Алёша. У Яшавых думках Тарабан займаў цяпер зусім мала месца. Ён здаваўся хвальком, задавакам, і болей нічога.

А з рудым Алёшам здарылася няшчасце. Ён знайшоў у бацькавай краме за скрынямі салодкі коржык і з'еў яго. Тарабан не ведаў, што гэты коржык атручаны і падкінуты спецыяльна для мышэй. Праз некалькі хвілін Алёша пачаў страшэнна крычаць, і яго бацька, здагадаўшыся, у чым справа, кінуўся да доктара. Доктара якраз не было, ён паехаў у другую вёску. Фельчарыца прамыла Алёшу страўнік, але боль не праходзіў. Усе думалі, што Тарабан памрэ. Вечарам паклікалі Пепу. Ён прынёс нейкага травянога настою і даў выпіць хвораму. Ад гэтага зелля боль сцішыўся, і Алёша заснуў. Ён спаў цэлую ноч і яшчэ дзень. Доктар, які прыходзіў пасля Пепы, сказаў, што небяспека мінула і хворы хутка стане на ногі.