Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 33

Іван Навуменка

— Яго трэба добра карміць, — выказаў думку Змітрок. — Ён тады не зачэпіць туркалікаў.

Але Кузьма, выхлебтаўшы цэлы чарапок малака, падыходзіў да клеткі і па-ранейшаму не зводзіў сваіх зялёных вачэй з галубоў. Тады хлопцы ўжылі больш рашучыя меры. Змітрок трымаў у руках голуба, а Яша лавіў ката і, паднёсшы яго да птушкі, бязлітасна лупцаваў. Кот драўся кіпцюрамі і ўцякаў з усіх ног.

Так працягвалася, можа, цэлы тыдзень. Кузьма ўжо не адважваўся падыходзіць да клеткі. Хлопцы парашылі, што ён як агню баіцца шыракахвостых туркалікаў. Аднойчы Яша адчыніў клетку. Адзін голуб вылецеў адтуль і сеў на падаконнік. У тую ж хвіліну Кузьма маланкай сігануў з печы і ў адно імгненне адарваў туркаліку галаву.

Яша лупцаваў ката да знямогі. Але справе гэта не памагло. Голуб быў мёртвы, і ніхто не мог яго ажывіць. Хлопцу стала сумна. Гэты свет быў заснаваны яўна несправядліва. Чым пакрыўдзіў прыгожы маладзенькі туркалік сытага пушыстага Кузьму? Ці нельга зрабіць так, каб ніхто нікога не чапаў і ўсе — птушкі, звяры — жылі самі па сабе і не нападалі адно на аднаго?

Яша са Змітраком пахавалі туркаліка з пашанай. Зрабілі невялікую труну і на магіле паставілі помнік. Пасля гэтага справы з птушкагадоўляй пайшлі ў хлопцаў яшчэ горш. Маленькія птушачкі — чакунцы, снегіры, паўзункі — не хацелі жыць у клетках і паміралі. Яны вялі за дзень-два, не дакрануўшыся да казюлек, мух і камароў якіх не шкадавалі для іх хлопцы. Яша зусім засмуціўся. Птушыныя могілкі раслі з кожным днём. Бессардэчны Кузьма вынюхаў гэтыя могілкі і не пасаромеўся павыграбаць мёртвых птушак і паесці.

Жылі толькі чатыры вароны і туркалік. Вароны адчувалі сябе добра. Яны каркалі на ўсё горла, просячы ежы. Туркалік крыху сумаваў у адзіноце. Яша ўжо збіраўся перавесці яго да варон. Але тут здарылася нечаканае.

Аднаго разу, прыгнаўшы Рагулю з пашы, Яша са Змітраком палезлі на вышкі і засталі клетку пустой. Варон не было. Хлопцы не ведалі, што і думаць. Але хутка ўсё стала ясна. Варон нехта пазабіваў, і яны кучай ляжалі ў кутку хлява. Яша гатовы быў кінуцца з кулакамі на таго, хто ўчыніў гэты нечуваны здзек. Якраз выйшаў з хаты бацька, і Яша са слязьмі на вачах падбег да яго.

— Не румзай, — сказаў бацька. — Навошта ў хляве гэтая дрэнь? Яшчэ куранят перадушаць твае вароны. Што ты — сала з іх есці будзеш?

Нават родны бацька не хацеў разумець Яшу. Нікога, апрача абарванага Калашкана, не было цяпер на белым свеце, хто б здолеў суцешыць Яшу. I Змітрок суцешыў.

— Не трэба плакаць, — разважліва сказаў ён. — Старыя ўсе скупыя. Мая бабуля такая самая. Я летась прынёс вожыка, дык яна абліла яго варам. Прыдумала, што ён з'еў кураня. А кураня ў крапіве знайшлося. Яно здохла само.