Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 15

Іван Навуменка

Гэтага Рудзьку цяпер ужо нельга было падкупіць ці як-небудзь задобрыць. Ён, мабыць, злаваўся за тое, што яго прывязалі. Яшу ён болей не пазнаваў і гаўкаў на яго, як і на другіх. Салвэсь яго, мабыць, добра карміў.

VI

Пачаліся заняткі ў школе. Вайна паміж Слабодкай і Першамайкай спынілася. Чуткі аб гэтай вайне ўсё ж неяк дайшлі да дырэктара, бо Тарабана і белагаловага Косцю выклікалі ў настаўніцкую. Невядома, аб чым размаўлялі настаўнікі з камандуючымі дзвюх варожых армій. Толькі пасля гэтай размовы Алёша аддаў загад камандзірам не чапаць першамайцаў. Ён цішком растлумачыў ім, што трэба пацярпець да лета...

Усю тую восень і зіму слабадскія хлопцы хваліліся сваімі перамогамі. Гэта не падабалася першамайцам. У класе былі хлопцы і з адной, і з другой вуліцы. I калі ўзнікала спрэчка пра ацэнку якой-небудзь ваеннай аперацыі, клас дзяліўся на два непрымірымыя станы. Спрэчка займала ўсе перапынкі, яна працягвалася і калі хлопцы ішлі са школы дамоў.

Аркадзь Панядзелак вагаўся. Ён стаяў то за Слабодку, то за Першамайку. Усё залежала ад таго, з кім у той ці іншы дзень Аркадзь дружыў. Яша, прыйшоўшы ў клас, кожны раз дапытваўся ў яго:

— Ты цяпер чый?

Калі Аркадзь быў у згодзе са Слабодкай, ён падаваў Яшу руку. Калі ж у гэты дзень ён належаў да першамайцаў, то вінавата лыпаў сваімі бялёсымі вачамі і адварочваўся.

Спрэчкі паміж Слабодкай і Першамайкай ішлі не заўсёды. У зімовыя канікулы адбылася падзея, якая ледзь не памірыла гэтыя дзве вуліцы. Распускаючы вучняў дахаты, настаўнікі аб'явілі пра ранішнік, які меўся адбыцца на другі дзень Новага года. Гэты ранішнік быў сапраўды выдатны. У самым вялікім класе стаяла ёлка, а пад ёлкай пахаджваў жывы Дзед Мароз. Яша адразу пазнаў гэтага дзеда, бо ім была Ліза з іхняга класа. I хоць Лізе намалявалі вусы і прыклеілі доўгую льняную бараду, яе пазналі ўсе.

Пад ёлкай скакалі і пелі першакласнікі. Гэта было не вельмі цікава. Першакласнікі, можа, яшчэ і чытаць не навучыліся і проста бэкалі па складах, а тут пусціліся ў скокі. На іх Яша пазіраў з пагардай.

Пасля Ліза разносіла падарункі. Усім яна давала адну цукерку ў каляровай паперцы і тры «падушачкі». А Яшу дала аж дзве цукеркі ў паперцы і чатыры «падушачкі». Яша пачырванеў, ён баяўся, што хто-небудзь убачыць, што Ліза дала яму цукерак болей, чым каму. Але гэтага, мабыць, ніхто не бачыў, бо аб'явілі, што будзе паказана п'еса.

Яша ніколі не бачыў спектакля і таму хутка забыў пра Лізіны цукеркі.

Усіх запрасілі ў другі клас, дзе была павешана заслона. Заслону адхінулі, і пачалася п'еса. Яша адразу пазнаў усіх, хто быў на сцэне. Спачатку выйшаў белагаловы Косця з другім хлопцам, які таксама жыў на Першамайцы. У іх, як і ў Лізы, былі намаляваны вусы. Косця іграў белагвардзейскага генерала. Спачатку некаторыя хіхікалі, але п'еса была цікавая, і яны змоўклі. У Косці на плячах зіхацелі зробленыя са срэбранай паперы пагоны, а на грудзях вісеў самы сапраўдны царскі крыж. Косця ні разу не збіўся, ён гаварыў як па пісаным.