Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 14

Іван Навуменка

Першамайцам, вядома, было крыўдна слухаць гэтыя насмешкі. Яны паспрабавалі паўстаць. Аднойчы яны распачалі бойку і былі з ганьбай разбіты зноў. Не прыйшлося нават клікаць Аркадзя Панядзелка з яго хлопцамі. Слабодка знаходзілася цяпер у зеніце сваёй славы, і яна разбіла б, вядома, армію куды мацнейшую, чым армія Першамайскай вуліцы.

Слабодка святкавала сваю другую перамогу. Услед за ёю прыйшла і трэцяя, і чацвёртая...

Але і летняе яснае неба часта зацягваюць хмары. З Тарабанавым Алёшам пачало рабіцца нешта такое, што псавала ўсю справу. Алёша пачаў задавацца, як ніколі. Ён так высока задраў свой аблузаны нос, што з ім проста нельга было размаўляць.

Аднойчы, калі гулялі ў валейбол, Яша адбіў мяч у канаву. Ён пабег за мячом, але Алёша яго спыніў.

— Вон з поля! — загадаў Тарабан. — Недарэкі мне не патрэбны. Яшу было крыўдна да слёз. Хіба ж не хадзіў ён у разведку, не ваяваў з першамайцамі, што гэты Тарабан выганяе яго цяпер з гульні, як чужога? А сам ён хіба не заганяў мяч у канаву? Заганяў, але на гэта яму ніхто не казаў і слова.

Руды Алёша спыняу гульню, калі яму гэтага хацелася, і забіраў мяч дадому. Там яго ганялі па двары меншыя Тарабаны. Алёша не слухаў цяпер нават камандзіраў палкоў — Змітрака Калашкана і Алеся Бахілку. Тарабана лаялі за вочы ўсе, але пры ім маўчалі. Яго яшчэ баяліся, рудога Алёшы, бо ўсё-такі ён быў самы дужы на ўсю Слабодку.

Неяк Яша сказаў пры хлопцах, што мяч належыць усім і для яго проста трэба зрабіць патайную хованку. Тады не прыйдзецца выпрошваць у Тарабанаў. Яшу падтакнулі ўсе, але ў той жа вечар нехта пераказаў рудому Алёшу Яшаву гаворку. Тарабан выклікаў вечарам Яшу да сябе і збіў яго пры ўсіх. Ніхто за хлопца тады не заступіўся. Боль і глыбокая крыўда распіралі Яшавы грудзі. Уцякаючы ад Алёшы, ён крыкнуў, што выходзіць з войска і болей ніколі не будзе ваяваць за Тарабана.

Але сказаў гэта Яша проста ад злосці. Ён яшчэ і сам не ведаў тады, як зробіць. Усё ж да Тарабана ён не хадзіў цэлы тыдзень.

Яша, як непрытульны, швэндаўся па сваім двары і з зайздрасцю цікаваў за тымі, хто не пасварыўся з Тарабанам і мог гуляць у валейбол, купацца ў Цітавай копанцы, хадзіць па яблыкі ў Салвэсеў сад. Яша нават цішком лазіў на дах сваёй хаты і адтуль выглядаў, што робіцца на Тарабанавым двары...

У самым канцы канікулаў здарылася нечаканае. У двор да Яшы прыбег Змітрок Калашкан, камандзір Яшавага палка, і расказаў, што Аркадзь Панядзелак здрадзіў. Ён са сваім войскам перайшоў на бок Першамайкі. Першамайка цяпер разам са станцыйнымі хлопцамі нібыта рыхтуе наступленне...

У тую ж хвіліну Яша забыў сваю крыўду на рудога Алёшу. Ён памчаўся на Тарабанаў двор. Там якраз ішла нарада. Першамайскае войска рыхтавалася да бою, і ўсе былі ўзбуджаныя, рашучыя і на чым свет стаіць лаялі здрадніка Аркадзя Панядзелка. Яша заняў сваё месца ў баявым страі, ён, як і ўсе, гарэў нецярпеннем бою...

У канцы таго лета Першамайка ўсё ж не адважылася наступаць, хоць да яе і далучаліся станцыйныя хлопцы. Хутка высветлілася, чаму здрадзіў Аркадзь Панядзелак. Першамайка проста мела болей садоў, чым Слабодка. У Салвэсеў сад цяпер наогул нельга было прабрацца. Стары Салвэсь пазабіваў усе дзіркі ў агароджы, абцягнуў частакол зверху калючым дротам, а ў садзе прывязаў свайго сабаку Рудзьку.