Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 16

Іван Навуменка

Хутка Яша зусім забыў, што ён сядзіць у класе і глядзіць спектакль. Баючыся зварухнуцца, сачыў ён за белым генералам, за камандзірам чырвоных, за смелай чырвонай разведчыцай, якая не пабаялася прабрацца ў штаб да самога генерала і падслухоўвала яго загады.

Амаль усе артысты, што ігралі ў п'есе, былі з Першамайкі. Але Яша пра гэта цяпер не думаў. Ён хацеў толькі, каб чырвоныя перамаглі белых, каб выратавалі з турмы смелую разведчыцу каб нашы зноў адбілі ў белых горад...

Яша не шкадаваў далоняў, калі п'еса скончылася. Белагаловаму Косцю і другім артыстам апладзіравалі ўсе — і Слабодка, і Першамайка. Яны ўсё-такі добра прадстаўлялі. Калі вечарам вярталіся дадому, то размова ішла толькі пра п'есу і першамайскага Косцю, з якога выйшаў-такі добры артыст. Тарабанаў Алёша спачатку маўчаў. Але пад канец не вытрымаў.

— Гэты ваш Косця проста задавака, а вы ўсе дурні! — сказаў са злосцю. — Я вось адлупцую яго, дык будзе ведаць п'есу. Генерал знайшоўся... Забыў, як я яго ганяў...

Усе змоўклі. Нікому не хацелася пярэчыць рудому Алёшу, хоць яго пагроза была зусім недарэчнай. Вайна, якую яны вялі летам, зусім не датычыла цікавай п'есы. Ды і сам жа Алёша загадаў не чапаць першамайцаў.

Настрой у Слабодкі быў сапсаваны. Сапсаваў яго сам Тарабан Алёша, якога пакуль што ўсе слухаліся. Палавіну дарогі хлопцы маўчалі. Гэтае маўчанне зусім вывела Тарабана з раўнавагі.

— Бяжыце цалуйцеся са сваім Косцем! — закрычаў ён на ўсю вуліцу. — Мне на вас напляваць. Толькі пабачу, як вы летам пакупаецеся! Гэтыя першамайцы вас і блізка не пусцяць да копанкі...

Тарабан аддзяліўся ад усіх і пакрочыў прэч. Ніхто яго не пазваў, ніхто не пабег услед. Хлопцы стаялі разгубленыя і не ведалі, што рабіць.

— Пайшоў і няхай ідзе, — сказаў Змітрок Калашкан. — Вельмі нос задраў, слова нельга сказаць пры ім. Вайна — гэта адно, а п'еса — зусім другое. Ды ніхто і не збіраецца бегчы за Косцем...

Назаўтра Тарабан першым падышоў да хлопцаў. Пра Косцю ён болей не ўспамінаў, і ўсе ўздыхнулі з палёгкай. Усё-такі не варта спрачацца паміж сабой тым, хто жыве на адной вуліцы.

Праз тыдзень пачаліся заняткі, і ўсё пайшло ранейшым парадкам: Мяжа, якая падзяляла класы, усё-такі засталася. Слабодка не збіралася здаваць заваяваных пазіцый, нягледзячы на тое, што першамайцы са сваім Косцем выступілі ў п'есе.

Аднойчы ў клас, дзе вучыўся Яша, зайшла піянерважатая Таня Цырульнікава. Яна сказала, што ўсім, хто цяпер вучыцца ў другім класе, трэба рыхтавацца да ўступлення ў піянеры. Яна яшчэ сказала, што ў піянеры спачатку прымуць тых, хто добра вучыцца і ў каго добрыя паводзіны. Перад усім класам Таня Цырульнікава заявіла, што хутчэй за ўсіх у піянеры прымуць Яшу і Лізу.

З гэтага дня Таня Цырульнікава пачала часта заходзіць у другі клас. Яна хацела арганізаваць тут танцавальны гурток. Але запісвацца ў такі гурток хлопцы адмовіліся. У яго запісаліся адны дзяўчаты. Хлопцы сказалі піянерважатай, што яны згодны ўдзельнічаць толькі ў п'есах пра вайну. Тады Таня наважыла, апрача танцавальнага, арганізаваць і драматычны гурток. У гэты гурток запісаліся ўсе хлопцы са Слабодкі і Першамайкі, якія вучыліся ў другім класе. На рэпетыцыю трэба было заставацца пасля заняткаў кожную суботу.