Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 13

Іван Навуменка

У дадатак да гэтага Першамайка раззбройвалася. Усе рагаткі, якія наленсалі варожаму войску, к вечару былі перададзены рудому Алёшу. Гэтымі рагаткамі ён узброіў хлопцаў, што прыйшлі на дапамогу Слабодцы разам з Аркадзем Панядзелкам. Самому Аркадзю Алёша даў аж дзве рагаткі.

Але самым цяжкім для Першамайкі было не гэта. Са стратай рагатак і нават Цітавай копанкі можна было сяк-так прымірыцца. Тарабанаў Алёша патрабаваў яшчэ ў якасці выкупу за палонных валейбольны мяч і сетку. На такія ўмовы Косця Кветка доўга не згаджаўся. Але сіла была не на яго баку. А Тарабан цвёрда заявіў, што не адпусціць палонных і самога Косцю, пакуль не будуць прынесены сетка і валейбольны мяч.

Косцю прыйшлося даць згоду і на гэта. Мяч і сетку прытарабаніў Аркадзь Панядзелак, які цяпер ужо выступаў пасрэднікам паміж дзвюма вуліцамі. Палонных адпусцілі.

Радаснай вярталася Слабодка ад Цітавай копанкі. Перамога была поўная. Яша адчуваў сябе на сёмым небе. У хлопца не было нават кропелькі крыўды на Алёшу за яго ранейшыя насмешкі. Каб Алёша загадаў цяпер Яшу памыць яго ногі, хлопец ні хвіліны не вагаўся б. Пра такую ганьбу Першамайкі, якой дамогся Алёша, Яша нават не марыў. Так ім і трэба, гэтым ганарліўцам, няхай не задаюцца! Яшавы грудзі распіраў гонар за сваю Слабодку, за рудога Алёшу, такога смелага і разумнага...

Некалькі дзён Слабодка жыла ўражаннямі апошняга бою. Можа, сто разоў успаміналіся ўсе падрабязнасці гэтай гераічнай баталіі, паводзіны кожнага, хто прымаў у ёй удзел. Яшу пахваліў сам Алёша. Ён сказаў перад усім войскам, што Яша не баязлівец, што ён і ў разведку хадзіў смела, і добра ваяваў каля копанкі. Калі раней Яша яшчэ не ведаў, што такое поўнае шчасце, то цяпер ён у збытку піў асалоду гэтага цудоўнага пачуцця.

Сетку павесілі на выгане каля Алёшавага двара. Слабодка цяпер з раніцы да вечара гуляла ў валейбол. Яша прыходзіў дамоў толькі прыцемкам, стомлены і шчаслівы. Ён забываў іншы раз нават паабедаць. Ён мог бы і не вячэраць, каб не маці. Але яна не хацела нічога разумець і заўсёды, калі Яша пазніўся, бралася за венік. I ўсё ж гэта былі дробязі ў параўнанні з той вялікай радасцю, якую абяцаў Яшу кожны новы дзень.

Лета праносілася вясёлым карагодам незабыўных уражанняў. Яно шчодра дарыла ясныя цёплыя дні, запоўненыя вялікімі і малымі прыгодамі, зорныя вечары з іх званкамі коней на папасе і нячутным палётам кажаноў, яно не шкадавала суніц, вішань, яблыкаў і многіх іншых цудоўных рэчаў. Гэтае лета, як ніколі, з'яднала Слабодку. Хлопцы ўсюды хадзілі талакой! Яны пабывалі нават у пелі — густым асінавым лесе, дзе, як гаварылі бацькі, вадзіліся самыя сапраўдныя ласі, рабілі паход на далёкую рачулку Ведрыцу, лазілі на маяк, з вяршыні якога былі відаць не толькі ўсе вясковыя аколіцы, а адкрываліся новыя, зусім яшчэ нязведаныя далягляды.

I ўсюды, дзе з'яўлялася Слабодка, Першамайка вымушана была ёй саступаць.

— Мы вас білі і будзем біць! — заяўляў руды Алёша, убачыўшы каго-небудзь з першамайцаў. — Дзякуем за валейбольны мяч. Калі купіце новы, скажыце нам. Нам і другі спатрэбіцца...