Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 17

Іван Навуменка

Але п'есу Таня Цырульнікава падабрала нецікавую. У п'есе паказвалася, як нямецкія рабочыя змагаюцца з фашыстамі. Ніякай вайны ў п'есе не было. Трэба было толькі маршыраваць па сцэне з чырвоным сцягам, спяваць песні і крычаць «Рот фронт!». Пад канец фашысты самі ўцякалі. Самая сумная роля дасталася Яшу. Яму перад канцом належала выйсці на сцэну і сыпануць лістоўкі.

Хлопцы ўсё ж не вешалі насоў. Яны спадзяваліся, што пасля гэтай нецікавай Таня Цырульнікава знойдзе і добрую п'есу. Таму яны і засталіся на рэпетыцыі.

Але і гэтую нецікавую п'есу на сцэне не паставілі. Аднойчы вечарам усе прыйшлі на рэпетыцыю, а піянерважатай не было. Таню чакалі, можа, цэлую гадзіну, а янаўсё не прыходзіла. Тады Яша і яшчэ адзін хлопец з Першамайскай вуліцы пайшлі яе сустракаць. Яны ўбачылі піянерважатую на школьным агародзе. Яна цалавалася пад бярозкай з нейкім высокім хлопцам. Таня не толькі цалавалася, яна яшчэ чамусьці і плакала...

Гэтую навіну Яша з першамайскім хлопцам мігам прынеслі ў клас, дзе іх чакалі астатнія артысты. Глядзець на тое, як цалуецца піянерважатая, хадзілі па чарзе ўсе хлопцы. Пазней высветлілася, што ў той вечар Таня праводзіла ў армію трактарыста, з якім дружыла. Але хлопцы аднадушна вырашылі, што звязвацца з такой важатай, якая цалуецца ды яшчэ і румзае, проста не варта. На рэпетыцыі болей ніхто не прыходзіў, і драматычны гурток распаўся.

VII

Набліжалася вясна. Сагнала ўжо снег з палёў і балота, дзяўчаты прынеслі ў клас першыя кветкі кураслепу. Другі клас паўтараў пройдзенае. Самымі лепшымі ўрокамі Яша лічыў тыя, калі Марыя Рыгораўна прыносіла ў клас маленькія кніжачкі і гучна іх чытала. У такія хвіліны ў класе наступала мёртвая цішыня. Было чуваць, як дзынкае аб аконнае шкло ажыўшая пасля зімы муха. Затаіўшы дыханне, Яша слухаў гісторыю пра мужнага хлопчыка Гаўроша, які загінуў на барыкадах, пра маленькую Казету, якая ўпусціла ў студню сярэбраную манету, за што яе моцна білі. Марыя Рыгораўна прачытала многа такіх цікавых кніжачак перад класам. Найбольш падабаліся ўсім апавяданні пра грамадзянскую вайну і пра розных звяроў. Той дзень, калі настаўніца прыносіла новую кніжачку быў для Яшы святам. З нецярпеннем чакаў ён апошняга ўрока, на якім пачыналася гучнае чытанне.

У Яшы быў рубель, і ён захацеў купіць сабе хоць адну з прачытаных настаўніцай кніжачак. Але нават у самай вялікай краме, дзе прадавалі дзёгаць, хамуты, гарэлку і соль і дзе за прылаўкам стаяў стары Тарабан, ніякіх цікавых кніжак не было. Там стаялі толькі тоненькія брашуркі пра першую пяцігодку, пра Асінбуд і пра шкоднасць рэлігіі. Але яны былі напісаны сумна, як задачнік, і Яша іх не купіў.