Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 12

Іван Навуменка

Усе са здзіўленнем сустрэлі гэты загад галоўнакамандуючага. Налёт на Салвэсеў сад рабіўся не ўпершыню, але яшчэ ніколі Алёша не патрабаваў такога. Праўда, і раней для Алёшы хлопцы выцягвалі з-за пазухі па лепшаму яблыку, каб ён пакаштаваў. Але аддаць яму ўсе яблыкі — гэта было ўжо замнога нават для Алёшы. Хлопцы стаялі пахмурныя і з выклікам пазіралі на свайго важака...

— Я сказаў, не будзем есці яблыкаў — і ўсё! — раззлаваўся ад гэтых насцярожаных позіркаў Алёша. — Не бойцеся, сам я іх не паем. Пералічым...

Тарабан нешта прыдумаў. Гэта высветлілася пасля таго, як ён адклікаў убок камандзіраў палкоў Змітрака Калашкана і Алеся Бахілку і пачаў з імі раіцца. Камандзіры пасля Алёшавага таемнага шэпту весела зарагаталі. Было ясна, што рыхтуецца нешта цікавае, таму Яша разам з усімі ахвотна палез прыцемкам у Салвэсеў сад. I хоць ён ведаў, што яблыкаў пакаштаваць не прыйдзецца, налаташыў іх поўную пазуху.

Яблыкаў было многа. Алёша пералічыў, колькі нарваў кожны, а пасля дазволіў з'есці па тры яблыкі камандзірам і па два — радавым байцам. Яша з'еў два самыя маленькія яблычкі. Астатнія забраў Алёша.

V

Назаўтра ўсё стала ясней яснага. Калі Яша прыйшоў на Тарабанаў двор, ён убачыў там Аркадзя Панядзелка і яшчэ некалькі хлопцаў, што жылі на станцыйным пасёлку. Яны елі Салвэсевы яблыкі, якімі іх шчодра частаваў Алёша. Тарабан дамаўляўся з Аркадзем Панядзелкам наконт сумеснага выступлення супраць Першамайкі. Умова была заключана. Аркадзь абяцаў выставіць восем чалавек. Гэта давала вялікую перавагу Слабодцы ў сіле. Цяпер можна было смела ісці вайной на непакорную Першамайку.

Праз два дні каля Цітавай копанкі разгарэўся бой. Бой гэты быў кароткі. Першамайка спачатку не здавалася. Яна заняла выгадныя пазіцыі і мужна абаранялася. У першамайскіх хлопцаў таксама аказаліся рагаткі, так што ніякай перавагі ў Слабодкі не было. Але Косця Кветка, які камандаваў варожым войскам, не ведаў, што лёс гэтай бітвы ўжо загадзя вырашаны. Ён не ведаў, што з тылу, з боку балота, падкрадаюцца Аркадзь Панядзелак і яшчэ сем хлопцаў, якія сталі саюзнікамі Слабодкі. I калі станцыйныя хлопцы падняліся ў атаку з тылу, рады першамайцаў змяшаліся. Частка войска кінулася наўцёкі, адругая частка разам з Косцем Кветкам трапіла ў палон.

Яша ўпершыню адчуў вялікую радасць перамогі. У яго два разы пацэлілі грудкай, але яму ніколькі не балела. Ён ганарыўся, як і ўсе, што Першамайка разбіта і што яна цяпер і носа не паткне да Цітавай копанкі.

Захопленым палонным і самому камандзіру Косцю Кветку ўчынілі допыт. Дапытваў сам руды Алёша. Ён спраўляўся наконт таго, колькі жывой сілы і зброі ў варожым войску, якую ваенную падрыхтоўку яно прайшло. Косця Кветка маўчаў. Ён апусціў сваю белую галаву і не гаварыў ні слова. Яшка нават пашкадаваў тады гэтага самага Косцю. Бадай, не варта было яго так мучыць. Хопіць з яго аднаго сораму. Хіба ж гэта прыемна трапіць у палон...

Косцю і тых, што разам з ім былі захоплены ў палон, адпусцілі толькі пад вечар. Паражэнне першамайскім хлопцам абышлося дорага. Па-першае, ім давялося адмовіцца ад Цітавай копанкі. Першамайцы мелі права купаццаў копанцы толькі пад вечар, ва ўсцаламучанай і бруднай вадзе.