Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 93

Гавриил Николаевич Троепольский

Паблізу ўсё супакоілася. А потым чуваць: не вельмі моцна пакракваюць машыны, скрабе трамвай — усе гукі знаёмыя, няшкодныя.

У цёмную халодную асеннюю ноч сядзеў у канаве сабака. І нікому на свеце не дапамагчы яму цяпер. А яму трэба, так трэба ісці да сваіх дзвярэй. Бім паспрабаваў падскочыць, але ўпаў. Куды там! І пайшоў назад па сваім следзе, ціха, асцярожна, прыслухоўваючыся і ў той жа час не-не ды і абмацваючы сцены. У адным месцы ён знайшоў невялічкі абвал, стаў на яго, прыпадняўся на заднюю лапу — цяпер пярэднія даставалі да насыпу. І Бім пачаў грэбці зямлю зверху ўніз, пад сябе, чым больш ён працаваў, тым вышэйшы рабіўся абвал. Бім адпачываў і браўся зноў. Нарэшце ён змог абаперціся грудзьмі на край канавы, але затое дастаць зямлі з насыпу ўжо не мог. Тады ён сышоў уніз па сваёй горцы, паляжаў. Так хацелася завыць, паклікаць гаспадара або Толіка, завыць дзіка, на ўвесь горад! Але Бім павінен маўчаць: ён жа заблытаў сляды і прытаіўся. І раптам ён рашуча падняўся, адышоўся ад нагрэбенага гурбанка, забыўся пра боль, махнуўся ўсім целам, быццам анучаю, падскочыў на гурбанку на абедзве заднія лапы і ўпаў на самы край канавы, у тую ямачку, што выграб сам, спускаючы зямлю ўніз.

Як ён змог пераадолець неймаверны боль і немагату? Хто яго ведае… Як, напрыклад, воўк адгрызае сам сабе лапу, захопленую ў пастку? Ніхто не скажа, як гэта можна сваімі зубамі перагрызці сваю ж нагу. Можна ж толькі здагадвацца, што воўк робіць гэта з-за свайго інстынктыўнага імкнення на волю, а Бім забыўся пра ўсё з-за неадольнага імкнення да дзвярэй дабраты і даверу.

Як бы там ні было, а Бім вырваўся з пасткі і ляжаў у той ямачцы наверсе.

Ноч была халодная. Горад спаў, каменна-жалезны, ціхенька скрыгочучы жалезам нават і ноччу, спрасонку. Бім слухаў яго доўга-доўга. Калі змёрз, усё ж пайшоў.

Па дарозе ён зайшоў у адчынены пад'езд аднаго з дамоў, і толькі таму, што трэба было абавязкова прылегчы, хоць бы крыху: так ён саслабеў. Класціся проста на вуліцы нельга, загінеш (ён бачыў не раз раздушаных машынамі сабак). Ды і холадна на асфальце. А там, у пад'ездзе, ён прытуліўся да цёплае батарэі і заснуў.

У чужым пад'ездзе глыбокаю ноччу спаў чужы сабака.

Здараецца.

Не крыўдзіце такога сабаку.

Раздзел 15. Ля апошніх дзвярэй. Таямніца жалезнага фургона

Прачнуўся Бім яшчэ досвіткам. Не хацелася пакідаць такое цёплае, гасціннае месца, дзе ніхто не патрывожыў яго сон. Яму здалося, што ў яго ўжо стала болей сілы, — паспрабаваў устаць на ногі, але адразу не выйшла. Тады ён сеў. Гэта ўдалося, але закружылася ў галаве (гэтак, як і пасля ўдару ў грудзі): сцены пахіснуліся ў адзін бок, лесвічныя балясы загойдаліся, задрыжалі, а прыступкі зліліся ў суцэльны ўзгорак і загойдаліся гармонікам, лямпачка захісталася разам са столлю. Бім сядзеў і чакаў, што ж з ім будзе далей, сядзеў цяпер, апусціўшы галаву.