Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 94

Гавриил Николаевич Троепольский

Галавакружэнне кончылася гэтак жа нечакана, як і пачалося. І Бім папоўз на жываце па прыступках уніз. Дзверы пад'езда былі адчыненыя, паляжаў крышку на асвяжальным холадзе і ўсё-такі ўстаў на ногі. Амаль падаючы ў вобмарак і таму не адчуваючы болю, ён слухаючы невядомую людзям сабачую волю, пайшоў з двара, хістаючыся, быццам ачумелы.

Наўрад ці ён дайшоў бы да свайго дома, калі б не наткнуўся на памыйку, дзе гробся маленькі сабачка. Бім падышоў і сеў. Сабачка, шарсцісты і гразны, абнюхаў яго і павіляў хвосцікам.

«Ты куды?» — спытаў такім чынам Кудлатка.

Бім адразу пазнаў Кудлатку — з ім ён некалі пазнаёміўся на лузе таго самага дня, калі той грыз карэньчык чароту. Таму адказаў даверліва і сумна, аднымі вачыма: «Дрэнна мне, дружок».

Сабачка вярнуўся да памыйкі, быццам бы запрашаў госця, там павярнуў да Біма галаву і завіляў хвастом, што абазначала: «Тут тое-сёе ёсць. Ідзі ж».

І што вы думаеце? Таго-сяго па кавалачку, па скарыначцы, па галоўцы ад селядца — Бім наеўся-такі. Сіла памаленьку вярнулася, а скора, аблізаўшыся і падзякаваўшы Кудлатку, пайшоў далей, пайшоў крыху мацней.

Не, памыйка ў ліхую часіну ў жыцці — вялікая рэч! З гэтага часу Бім стаў бы адносіцца з павагаю да такіх мясцін, калі б…

Цяжка расказваць пра такое.

Шэрым досвіткам, калі астаткі ўчарашняга смогу аселі да зямлі лёгкаю празрыстаю сінечаю, Бім нарэшце дабраўся да свайго дома… Вось ён! Вунь і акно, з якога разам з Іванам Іванавічам, бывала, яны глядзелі на ранішняе сонца. Ці не выйдзе ён да акна і зараз? Бім сеў з другога боку на вуліцы і глядзеў, глядзеў, глядзеў з радасцю і спадзяваннем. Яму стала добра. Пайшоў цераз вуліцу, хоць і не спяшаючыся, але падняўшы ўжо галаву, быццам усміхаючыся, быццам вось-вось спаткае незабыўнага сябра. Гэта была хвіліна ў чаканні шчасця. Ды і хто з жывых не быў шчаслівейшы ў тыя хвіліны, калі чакае шчасця, чым у хвіліны самога шчасця.

Так, пасярод вуліцы, перад родным домам, ужо недалёка ад тых самых дзвярэй, Бім быў шчаслівы ад надзеі, якая зноў узнікла.

Але раптам ён убачыў страшнае: з аркі дома выйшла Цётка! Бім сеў, вылупіўшы ад жаху вочы і дрыжучы ўсім целам. Цётка папусціла ў яго цаглінаю. Бім паспешна адышоў на супрацьлеглы тратуар.

Людзей на вуліцы ў такую рань не было, нават дворнікі яшчэ не выходзілі з мяцёлкамі. Адна толькі Цётка ды Бім глядзелі адно на аднаго. Яна яўна рашыла стаяць і не пускаць, яна нават паставіла ногі шырэй, абмацавалася, як помнік, упёршыся рукамі ў бакі; на Біма яна глядзела звысоку, пагардліва і знішчальна, з гонарам, з усведамленнем свае вартасці, перавагі і праваты. Бім жа быў бездапаможны, але ў яго заставаліся цалкам надзейныя толькі адны зубы, таксама страшныя ў перадсмяротнай хватцы. Ён гэта ведаў, ён пра гэта не забыўся, таму нават чуць прыгнуўся і прыпадняў верхнюю губу, паказаўшы пярэднія зубы. Чалавек і сабака глядзелі адно на аднаго не адводзячы вачэй. Хвіліны здаваліся Біму доўгія.