Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 72

Гавриил Николаевич Троепольский

— Пайшлі ж, Чарнавух, на паляванне, — сказаў Клім.

Бім заскакаў перад ім: «На паляванне, на паляванне!»

Клім узяў яго за скураны павадок. Алёша папярэдзіў:

— Дзядзька Клім, калі Чарнавух спыніцца, выцягнецца, замрэ, то тут і курапаткі. Яму так трэба крыкнуць: «Пужай!» Бо не рушыць з месца.

— Няўжо праўда?

— Ну дык! Ведаю ж, — спаважна адказаў Алёша. — Мне вось урокі вучыць, а то б сам паказаў.

— Мы таксама што-нішто кемім. Не першына, — запэўніў Клім.

Такім чынам, пасля вялікага перапынку і многіх хваляванняў Бім пайшоў на паляванне. Спачатку ім нічога не траплялася, акрамя смярдзючага тхара.

— Грабі, — загадаў Клім.

Бім гэтага не разумеў, адышоўся, сеў збоку недаўменна.

Пад паўдня моцна пацяплела. Сонечна, тоненькі снег раскіс, пад лапамі ўжо хлюпала гразь, ачосы на Бімавых нагах выквацаліся, ён стаў падсмалены і непрыгожы, як і кожны мокры лягаш. Але Бім шукаў па ўсіх правілах — чаўнаком перад Клімам, упоперак і з праверачным заходам. На ўзлеску кусцістага калка Бім стаў на курапатак. Клім крыкнуў:

— Пужай!

Бім нават сцепануўся ад басавітага рыку і падняў курапатак рыўком, без падводкі (ай, якая памылка!), але стрэлу не пачулася. Бім азірнуўся. Паляўнічы ўпіхаў патрон у аднастволку, — а той — ніяк. Потым пачаў яго выцягваць, таксама — ніяк. Бім сеў, не сыходзячы з месца, адкуль узляцелі курапаткі, і, не падыходзячы, аднак, да паляўнічага, сачыў за ім. А Клім пачаў лаяцца так, як лаюцца вечарам на тратуары п'яныя: хістаюцца і лаюцца адзін на аднаго або проста на цёмную ноч. Гэты не хістаўся, але таксама лаяўся.

Хоць Клім у рэшце рэшт дастаў патрон, уставіў другі і зачыніў стрэльбу, але быў злосны і нечым нагадваў Шэрага.

— Ну, шукай! — загадаў ён Біму. — Чарнавух, шукай!

Адвярнуўшыся і выходзячы насупраць ветру на чаўнок, Бім зрабіў выгляд: «Ну што ж, буду шукаць».

Але нешта апатычнае з'явілася ў яго кульгавай прабежцы, не той спрыт, як да таго, пакуль узляцелі курапаткі. Клім зразумеў гэта так, што сабака саслабеў, бо не мог зразумець таго, што гэта абазначала, што Бім засумняваўся ў чалавеку: вось так, скоса азіраецца на яго, не спыняецца, але і не падыходзіць, трымаецца далекавата. Ён быццам і не шукаў, а цікаваў за паляўнічым, але гэта толькі здавалася. Азарт неадольны, азарт вечны, пакуль існуюць паляўнічыя сабакі, узяў верх. Па сутнасці, Бім ішоў за стрэльбаю, а зусім не за Клімам.

Нечакана ён улавіў пах заячае лапы. На гэтых звяркоў Іван Іванавіч не паляваў з Бімам, хоць разы два-тры Бім і рабіў на іх стойку. Яны ж, гэтыя зайцы, не вытрымліваюць стойкі ніяк: толькі прыпыніся, а ён драла. Ганяцца за імі — нельга — гаспадар не дазваляў. Летам, праўда, яны яшчэ крыху ляжаць і пад стойкаю, але Іван Іванавіч заўсёды клікаў Біма; а адно зайчанё, з кулачок, нават адабраў з-пад лапы і выпусціў на волю. Так што заяц не птушка. Аднак Бім павярнуў нос на струмень паветра, які плыў ад зайца, пайшоў дакладна і стаў на стойку — мокры, чуць скасабочаны — на скалечаную лапу. Не, ужо не тая стойка ў калекі. Не тая мастацкая артыстычная пастава.