Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 71

Гавриил Николаевич Троепольский

Той сеў на лаву, закруціў вялікую цыгарку, прыгледзеўся да Біма і спытаў:

— Гэта і ёсць той самы Чарнавух? — (Бім навастрыў вушы.) — Прападзе сабака без палявання. Або ўцячэ. Прадай: дам дваццацьпятку.

— Не прадаецца, — адказаў Хрысан Андрэевіч і цяпер устаў з-за стала — скончыў вячэру.

Бім нават і за тры крокі скора адчуў, што госць пахне зайцам. Ён падышоў, абнюхаў, вільнуў хвастом і зірнуў у твар лісінай шапцы, што абазначала на мове Біма: «Разумею — паляўнічы».

— Бачыш? — сказаў Клім. — Чуе Чарнавух, хто прыйшоў. Прадай, кажу.

— Не прадам, Клім, не прадам. Ужо збылося — нават Алёша не ведаў спачатку, — паслаў я тры рублі ў рэдакцыю рэспубліканскае газеты і аб'яву: «Прыбіўся паляўнічы сабака, белы, з чорным вухам». Прыслалі ў адказ: «Не аб'яўляйце, калі ласка. Хай пакуль што пажыве». Што тут такое — не ведаю, але адчуваю — сабака гэты важнецкі, трэба шанаваць.

— А ты і зглуміш. Прадай, — наставаў Клім, пачынаючы злаваць.

— Торгу не будзе, — адрэзаў Хрысан Андрэевіч. — Так — на паляванне — бяры, а ў той жа дзень прыводзь назад. Хай Чарнавух пароду беражэ, так як і паложана.

— Таму што не прадаецца, — умяшаўся Алёшка.

— Ну, так дык так, — незадаволена скончыў Клім, паляпаў Біма па загрыўку і пайшоў.

Пасля вячэры, пры ліхтары, Хрысан Андрэевіч зарэзаў баранчыка і, падчапіўшы за заднія ногі, зняў з яго футра, выпатрашыў, абмыў тушку і пакінуў яе ў хляве да раніцы.

Пятроўна ўвесь вечар то пакавала яйкі ў карзіну, то накладала ў слоікі масла або перапушчанага сала. Потым яна акуратна састаўляла іх у базарныя, з белых дубцоў карзіны.

Цяпер-то Бім адчуў, што ад усяго гэтага (баранчык без аўчынкі, яйкі, масла, карзіны) пахне горадам, гарадскім базарам. Ці ж яму не ведаць! Увесь горад з канца ў канец ён вывучыў, шукаючы Івана Іванавіча. І Бім захваляваўся: базар, горад, карзіны, свая ўласная кватэра — усё сплялося ў адно: Іван Іванавіч там. За ноч ён не звёў вачэй.

Раніцаю, раненька-раненька, Хрысан Андрэевіч завярнуў ужо цвёрдую тушку ў чыстую мешкавіну, звязаў шпагатам і ўскінуў на плячо. Пятроўна пачапіла на каромысла дзве карзіны, падняла і паклала яго на абодва плечукі. Як Бім прасіўся разам з імі! Ён ясна гаварыў, уталкоўваў ім настойліва: «Мне трэба разам з вамі. Я — туды. Вазьміце».

Ніхто не здагадаўся пра яго хваляванні. Нават больш таго, Хрысан Андрэевіч сказаў, папраўляючы, каб ямчэй ляжала тушка.

— Патрымай яго, Алёша, Чарнавуха, — каб хоць не пабег за намі.

Алёша ўзяў яго за аброжак і патрымаў на ганку. А Тата і Мама, абое з ношамі, паволі пайшлі да шашы, да аўтобуснага прыпынку. Бім праводзіў іх вачыма і не звяртаў увагі на Алёшавы пачастункі і на ягоную ласку, праводзіў, пакуль яны не схаваліся з вачэй.

Скора прыйшоў Клім з рукзаком і стрэльбаю. Паляўнічае сумкі і патранташа на ім не было (тое, што не ўся экіпіроўка была, Бім прыкмеціў адразу ж). Але ўсё-такі стрэльба! — вось дзе соль! Бім даверліва падаўся да паляўнічага і адразу ж уведаў, што набоі пакладзены ў кішэні. Таксама вялікі непарадак. Але ж галоўнае — стрэльба. За чалавекам са стрэльбаю ён пойдзе куды хочаш, хоць у свет. Надоўга ці ненадоўга, а пойдзе. Такая ўжо натура ў лягавага сабакі, і Бім быў не выключэнне: у яго на нейкі час аціхла нудота, якая ўзнікла ў апошні дзень, — нават так. Калі датычылася адносін да стрэльбы, то Бім быў як звычайны паляўнічы сабака. Не скажаш, што няма ў яго логікі, бо ісціну ён спасцігае практыкай, хоць і быў надзвычай разумны сабака. Яму яшчэ многа трэба будзе перажыць толькі таму, што ён сабака. Не будзем асуджаць.