Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 33

Гавриил Николаевич Троепольский

Расказвала яна спакойна, то паказваючы на Біма, то на каго-небудзь з траіх. Ёй спрабавалі перабіць гаворку, але міліцыянер строга спыняў і Цётку, і Кірпатага. Ён, было відаць, давяраў дзяўчыне. Пад канец яна жартам спыталася:

— Правільна я гавару, Чорнае вуха? — І да міліцыянера яшчэ дадала: — Я Даша. — Потым да Біма: — Я Даша. Зразумеў?

Уся Бімава істота паказвала, што ён яе паважае.

— А ну, ідзі да мяне, Чорнае вуха. Да мяне! — паклікаў міліцыянер. О, Бім ведаў гэты загад «да мяне». Добра ведаў. І падышоў. Той ласкава палапаў па шыі, узяўся за аброжак, паглядзеў нумарок і нешта запісаў. А Біму загадаў:

— Ляжаць!

Бім лёг так, як і трэба: заднія ногі пад сябе, пярэднія выцягнуты ўперад, галава — вочы ў вочы з субяседнікам і чуць набачок.

Цяпер міліцыянер пытаўся ў тэлефонную трубку:

— Таварыства паляўнічых?

«Паляванне!» — здрыгануўся Бім. «Паляванне!» Што гэта абазначае тут?

— Таварыства паляўнічых? З міліцыі. Нумар дваццаць чатыры паглядзіце. Сетэр… Як гэта няма? Быць не можа. Сабака харошы, вывучаны… У гарсавет? Добра. — Паклаў трубку і яшчэ раз узяў, нешта пытаўся і пачаў запісваць, паўтараючы ўслых: — Сетэр, са знешнімі дэфектамі, пасведчання на радаслоўную няма, гаспадар Іван Іванавіч Іваноў, вуліца Праезджая, сорак адзін. Дзякую. — Цяпер ён загаварыў да дзяўчыны: — Вы, Даша, маладзец. Найшоўся гаспадар.

Бім затанцаваў, ткнуў носам у калена міліцыянеру, лізнуў руку Дашы і глядзеў у вочы, проста ў вочы, так, як умеюць глядзець толькі разумныя і ласкавыя, даверлівыя сабакі. Ён жа ўсё зразумеў, што гаварылі пра Івана Іванавіча, пра яго сябра, пра яго брата, пра яго бога, як на гэта сказаў бы чалавек. І аж уздрыгваў ад хвалявання.

Міліцыянер строга буркнуў да Цёткі і Кірпатага:

— Ідзіце. Усяго добрага.

Дзядзька ўзяўся пілаваць дзяжурнага:

— І гэта — усё? Які ж у нас пасля ўсяго будзе парадак? Распусцілі!

— Ідзіце, ідзіце, дзед. Усяго добрага. Да пабачэння. Адпачывайце.

— Знайшоў мне «дзеда»! Я табе бацька, баця. Нават як ветліва гаварыць забыліся, с-сукіны сыны. А хочаце вось такіх, — кіўнуў на студэнта, — выхоўваць, па галоўцы гладзіць, па галоўцы. А ён вас — пачакайце! — гаў! І з'есць. — Гаўкнуў і сапраўды, якраз як сабака.

Бім, вядома, таксама гаўкнуў.

Дзяжурны засмяяўся:

— Глядзіце, папаша, а сабака ж вас разумее, спачувае.

А Цётка, здрыгануўшыся ад падвойнага брэху — чалавечага і сабачага, — плішчылася ад Біма да дзвярэй і крычала:

— Гэта ён на мяне, на мяне! І ў міліцыі ніякае абароны савецкай жанчыне!

Яны пайшлі ўсё-такі.

— А мяне што — затрымаеце? — насуплена спытаў студэнт.

— Слухацца трэба, мілы. Запрашаюць — павінен ісці. Так трэба.

— Трэба? Адкуль такое, каб цвярозага чалавека весці ў міліцыю, як злодзея? Цётцы гэтай трэба было пятнаццаць сутак, а вы… Эх, вы! — І пайшоў, пацерабіўшы Біма за вуха.

Цяпер Бім ужо зусім нічога не разумеў: дрэнныя людзі лаюцца на добрых людзей, добрыя таксама лаюцца, а міліцыянер трывае ды яшчэ і пасміхаецца; тут, відаць, і разумнаму сабаку не разабрацца.

— Самі даведзяце? — запытаўся дзяжурны ў Дашы.