Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 99

К Акула

Хваля кацiлася i паветрам, i галоўнымi ды меншымi, утоптанымi цi ўежджанымi шляхамi. У сваiм магутным iмкненьнi ў Беларусi яна выпаласкала ўсю зямлю апроч вялiкiх лясных масiваў. А пазьнейшыя падчышчальныя апэрацыi, што сiтам мелi прасеяць-вычысьцiць занятыя землi, у васноўным не закранулi занесеных нетраў краiны. У вярхоўях Бярозы-ракi, узяўшы з Захаду ад Докшыц, праз Бягомельшчыну, Вушаччыну, Лепельшчыну й Лагойшчыну, мятла акупанта адно пабэрсалася па акраiнах пушчаў. На вялiкай залесенай прасторы, калi-б яны наважылi сядзець цiха, маглi-б скрыцца большыя вайсковыя адзiнкi. У запраўднасьцi-ж ваенны хаос прытулiў гэтта малыя групы ваенных недабiткаў, якiх, зважыўшы асаблiвыя акалiчнасьцi поўнага разгрому бальшавiцкiх сiлаў, нельга навет было назваць дэзэртырамi. Завязваныя пераможцамi ў паходзе на ўсход мяшкi як мага хутка лiквiдавалiся, але залесенасьць ня спрыяла поўнаму ачышчэньню занятых земляў.

Тое, што высьлiзнула зь мяшкоў i пасьля ўцякло спад мятлы, зашывалася ў глыбiнях пушчаў. Ашаломленае магутным ударам, паадзiнотна й невялiкiмi групамi трываючы, яно залiзвала сьвежыя раны. Будучыня - цьма, а цяпершчына дакучала патрэбай палагоджаньня звычайных цялесных патрэбаў. З гэтай простай прычыны прысутнасьць ваенных недабiткаў насамперш адчулi мясцовыя сяляне. Прыгоньнiкi зьненавiджанага й кагадзе зьлiквiдаванага ладу працiралi вочы, выпроствалi сагнутыя дагэтуль сьпiны, аглядалi свае цяпер запраўды ўласныя нiвы. Трывала й дужэла "новым парадкам" народжанае спадзяваньне.

"Беларусы! Вас чакае зямля!"

Дачакалiся. Адыйшла ў нябыт зьненавiджаная й праклятая, мiлiёны найлепшысх сялян на глум у Сiбiр загнаўшая, калгасная брыда. Новы гаспадар, хай характарам ня менш дзярлiвы й нажывы прагны чымся ад веку зьненавiджаны Маскаль, тымчасам зубоў яшчэ не ашчэрыў.

Прысутнасьць у лясох чужых людзей, што часта прасiлi цi дамагалiся хлеба, тымчасам ня выклiкала трывогi ў гэтай, зь няпамятных часоў гасьцiннай краiне. Пакiнь селянiна ў супакоi й калi ўсё ўляжыцца-утаўчэцца, калi будуць да працы рукi, усiм хлеба й да хлеба хопiць. Абы не папялiлi дабра ваенныя пажары, абы далей адсюль тую хвалю-навалу, глум i сьмерць.

Лясныя людзi, загаiўшы раны, пачалi разглядацца, пасьмялелi, вылазiлi з зашытых у гушчарах бярлогаў i нораў, абiвалi парогi навакольных сялянскiх гасподаў. Неўзабаве просьбы зьмянiлiся дамаганьнямi й рабункамi.

- Бандыты грабяць! - з трывогай паўтаралi пад сялянскiмi стрэхамi людзi. I ўжо пазьней слова "бандыты" ператварылася ў "партызаны".

Нiколi ня перастане трывожыць гiсторыкаў пытаньне: як павярнулася-б на ўсходзе вайна, калi-б Гiтлер палюдзку абыходзiўся з палоннымi? Запраўды, што было-б? Адно ведама, што сталася. Вялiкi абоз ваеннапалонных у Бярэзьвiчах, ведамы пасьля як "лягер сьмерцi", стаяў гэтта-ж усiм на вачох. Людзей марылi голадам, холадам i хваробамi пад адкрытым небам. Ды было-б поўбяды, каб неба гэнае, як прывыклi казаць, было голае. Дык-жа не. Зь яго часта падаў дождж цi сьнег. Даведзеныя да адчаю людзi рвалiся на калючыя драты пад кулямi варты, амаль пагалоўна гiнулi, а шчасьлiвыя адзiнкi, што пасьля траплялi ў лясы, апавядалi розныя жахi пра людаедзтва й суцэльны мор. Нялюдзкасьць сваю акупант як-бы наўмысна, паказваў штодзённа i ўсюды. Жахлiвае рашчараваньне "новым парадкам" дыханьне адбiрала.