Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 100

К Акула

Зь меншых мястэчак Жыдоў зганялi ў Глыбокае, дзе ў заходняй частцы гораду стварылi "гетто". Людзей гэтых, што апынулiся паза правамi, мясцамi лiквiдавалi меншымi групамi, але пра лёс iхны ў рамках "канчальнае разьвязкi жыдоўскага пытаньня" мясцовыя жыхары не маглi нiчога ведаць. Жыдоўскiх рамесьнiкаў ганялi на працу ў мясцовых прадпрыемствах, што абслугоўвалi й забясьпечвалi акупацыйны апарат i ўзбагачалi Райх.

Зусiм накш павялося Цыганом, якiх лавiлi, адразу забiвалi як непрадуктыўны элемэнт. Гэтак ужо першай восеньню пад новай уладай былi лiквiдаваныя некаторыя банды Цыганоў, а апавяданьнi пра нялюдзкi спосаб iхнае лiквiдацыi кружылi па краiне.

Бiтва пад Масквой пахiснула мiт пра няпераможнасьць Нямеччыны. Гэтага хапiла чырвоным, каб пусьцiць у рух iншыя, дагэтуль нявыкарыстаныя ў вайне сiлы. Людзi ў лясох паднялi галаву, сквапна лавiлi ў радыёпрыёмнiках натхнёныя галасы зь "вялiкай зямлi". Вэрхал у радыёвых хвалях мацнеў з ходам часу i ў меру ўсьведамленьня, што кагадзе шырака адчыненыя ў Маскву дзьверы вогненным шквалам першае вялiкае абароннае бiтвы наглуха зачынiлiся, а агонь гэны адкiнуў перадавыя калёны "Барбаросы" на дзясяткi кiлямэтраў на захад.

Павыкiданых зь цёплых, наседжаных у Беларусi гнёздаў цiвуноў бальшавiцкага прыгону, што панаваў гэтта пад фiрмай БССР, першая перамога спанукала, каб падпрэгчыся ў маскоўскую калясьнiцу ды як-небудзь памагчы зрушыць яе на захад. Прыпрэжка гэная, загадам зь верху, вылiлася ў розных хвормах, а на Беларусi заангажавала сiлы ў лясох. Зiрнуўш на мапу акупаванай краiны й вызначыўшы, пры помачы iснуючай разьведкi, колькасьць i якасьць нямецкiх ваенных гарнiзонаў, адно выразна кiдалася ў вочы: у вялiкiх, асаблiва залесеных, полацях краiны чужнiк расплыўся, валодаў адно мiнiмальна ды для ўтрыманьня парадку абапiраўся на чужы элемэнт у палiцыi. Дарогi-ж, як ведама, у бальшынi дрэнныя, ня спрыялi хуткаму перакiданьню матарызаваных сiлаў з пункту А ў Б цi В. У гэных раёнах асноўны цяжар транспарту й камунiкацыi меў трымацца на конскiм хрыбце. Лёгка зрываць тэлефонную й паштовую сувязь. Добра расплянаваўшы, выкарыстоўваючы мясцовыя гаспадарчыя й людзкiя багацьцi, можна распалiць там вайну ледзь не на прымiтыўных асновах, паралiжаваць даставы на галоўны фронт, зьвязаць працiўнiку рукi, адабраць у яго масу сiлаў для змаганьня з партызанамi. Беларус, як Маскалём было ведама, нiколi ня зрокся гону да волi й самастойнасьцi i, як гаворыць ягоная-ж народная мудрасьць, "заўсёды ваўком у лес глядзiць", але гэтта трапiў ён у пастку i яго можна было-б выкарыстаць.

Плянаваньне вялiкiх ваенных мерапрыемстваў, асаблiва-ж тых, што з палiтыкай вяжуцца, вымагае дбайлiвага абгрунтаваньня. Таму Маскалi зiрнулi ў гiсторыю, а тая, - яшчэ не такой вялiкай даўнасьцi, падказала ясную разьвязку. Гэта-ж пад провадам Кастуся Калiноўскага, падчас усенароднага антымаскоўскага змаганьня, Лiцьвiны (Беларусы) дасканала выкарыстоўвалi свае лясы, скрывалi там колькасна вялiкiя атрады паўстанцаў. Краiну трэба было амаль суцэльна войскам залiць, агiдна зьдзеквацца, каб пасьля гадоў змаганьня зь сялянамi, пераважна ўзброенымi сякерамi, косамi й вiламi, зламаць фiзычны супрацiў, але не дух гэтага народу. А што-ж было-б, калi-б паўстанцы былi добра ўзброеныя?