Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 98

К Акула

- Якiя сыны?

- Адзiн малады, цяперака ў школу ходзiць, а другi старэйшы. Той на нагу кульгавы, ён за шаўца вучыцца.

- Вы думаеце, што каторы зь iх хацеў адпомсьцiць?

- Што вы! Стары Пракоп, ён нядужы, а гэтыя-ж адно яшчо дзiця, лiчы, а другi калека... Спытайцеся от пана солтыса.

- Бахмачы нi такiя людзi, каб каго забiваць асьмелiлiся, - аўтарытэтна адказаў Паўлоўскi.

- Ага... Ну што-ж, мне трэба будзе зь iмi пабачыцца. Калi вы кажаце, што ня меў ён тут ворагаў, дык пытаньне астаецца пра матыў. Хто меў прычыну, каб яго забiць? Палiтычнае забойства, цi што? Яно так выглядае.

Левандоўскi зноў упёр свае рухлiвыя вочы ў Антося. Дзяркач трымаў наiўны выгляд.

- Як самi кажаце, яно так выглядаiць. Але калi думаеце, што каторы з нашых за палiтыку, дык гэта курам на сьмех. Нашы нiколi ў палiтыку ня лезьлi, з боку дзiржалiся, а ня тое, каб каго яшчо за палiтыку забiваць.

- I камунiсты таксама?

Антось адразу спахапiўся.

- Ад якога часу раўняць нашых з камунiстамi? Вы што, ня вiдзiця, што нам камунiсты нарабiлi? Я сам во ледзь вырабiўся. Каб ня Немцы, дык косьцi недзiка на Сiбiры зямлю парылi-б...

- Знаю, знаю, - пасьпяшыў згадзiцца камандант.

- Ведаеце, камiндант, давайце во яшчо па чарцы вып'ем. Можна? - спытаў Антось, бяручыся за лiтроўку. Ён прыгледзеўся пляшцы й мяркаваў, што яшчэ па чарцы выйдзе. Госьцi былi зусiм цьвярозыя, а другой пляшкi не хацелася даставаць. Камандантавы пытаньнi былi яму не на карысьць. Начальнiк намагаўся лавiць Дзеркача за язык. Важна, каб нiводнага слова лiшняга не сказаць.

- Ну дык за ваша здароўе, - запрапанаваў Антось.

- Вы думаеце, што тут нiдзе камунiстаў ужо няма? - выпiўшы самагонку, вярнуўся да спыненай тэмы Левандоўскi.

- Чорт iх ведаiць, - адказаў Дзяркач. - Можа дзе ў якiя дзiркi й пазалазiлi. Вам лепi пра iх ведаць. Мне толька плуг ды каса, а палiтыка мне, як кабыле пятая нага.

Левандоўскi спасьцярог, што на гэну тэму нiчога ад Антося больш не даведаешся й таму да яе не вяртаўся. Выходзячы з хаты, паны начальнiкi ветлiва дзякавалi гаспадынi за пачастунак. Антось стаяў ля вакна й прыглядаўся засьнежанай дарозе аж пакуль брычка за паваротам зьнiкла.

- А ўсё-ж цiкава, хто таго Бжончка забiў, - сказала Нiна, крыжуючы ваўняную нiтку ў пяце шкарпэткi й ня гледзячы на Антося. I Антось удзячны быў ей, што блiзка i ўважна ў вочы яму ня зiрнула, бо магла-б там штосьцi непажаданае спасьцярэгчы.

- Так, цiкава, - адказаў Дзяркач.

Ён выйшаў на двор. За бальшаком, ля школы чуваць былi дзiцячыя звонкiя галасы. Вiдаць, што дзецi кончылi заняткi. Вучыла iх старая Плясьневiчыха, удава нейкага польскага ўраднiка. Як вучыла! Даўно трэба было-б свайго настаўнiка, каб гэта недалуга дзяцей не калечыла.

19

Хваля апэрацыi "Барбароса", што летам хлынула з захаднiх "сьвяшчэнных" межаў калянiяльнае iмпэрыi на ўсход i якую мела ўстрымаць абсьпяваная i ў песьнях нiколi няпераможаная Чырвоная Армiя, нястрымным iмклiвым iмпэтам разьлiлася па аграмадных раўнiнных прасторах ад Чорнага мора да Мурманску. Хуткасьцi хвалi, як тады выглядала, ня будзе супыну. Калiшнi Банапарт, што iз сваей Гранд Армэ спаласаваў Беларусь у паходзе на Маскву, такой сiле пазайздросьцiў-бы.