Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 97

К Акула

- Як? Добра, цi дрэнна?

Пытаньне было кiнута зручна. Яно, гэтае пытаньне, здаецца такое нiкчэмнае й звычайнае, але да чаго яно вядзе? Быў Дзяркач ужо ў руках добрых iнквiзiтараў i ведаў небясьпеку аднаго намёку, аднаго неасьцярожнага слова, навет позiрку. Найлепш паволi языком баранаваць, старацца як мага працiўнiку наперад забегчы.

- Знаiця, нi нам яго судзiць. Спытайцеся, каго хочаце...

- Я вас пытаюся, - насядаў Левандоўскi.

- Ну дык я вам скажу гэтак: ён мне мяжы нi пiраараў, куры ягоныя мае лехi нi падзерлi, анi за дзеўку якую мы зь iм узагрудкi нi бралiся...

- Што гэта значыць? - спытаў камандант солтыса.

- Пане камандант, гэта тут у нас так гавораць. Значыцца калi чалавек табе ворагам ня быў.

Фольксдойч хiтравата ўсьмiхнуўся, палез у папяросьнiцу, прыкурыў. На твары ягоным зьявiўся цень.

- Ну а калi камандантам палiцыi яго паставiлi, то таксама вам ворагам ня быў?

Антосеў твар налiўся нявiнна-наiўным зьдзiўленьнем.

- Што гэта такое вы пытаецеся? А чаму ён меў мне ворагам быць? Гэта што, я якiя парахункi зь iм меў мець, цi абакраў каго?

Гаспадароў голас гучэў абурэньнем. Камандант зварухнуўся на лаве, зiрнуў на Нiну й "дзiравага шляхцiца", усьмiхнуўся.

- Ну што вы, пане Дзяркач, хвалююцеся. Я-ж от так папрыяцельску спытаў. Анiчога дрэннага пра вас ня думаў. Здавалася мне толькi так, што калi чалавек сьцярог урадавага дабра, значыцца лясьнiком быў, дык мог каму на нагу наступiць. Цi пасьля, як камандантам быў... Нехта-ж меў прычыну яго забiць. Ну як вы думаеце, была прычына цi не?

- Ясна, што бяз прычыны ня было, - вялым голасам згадзiўся Антось. Лес лесам... Трэба каму якая жардзiна, цi што, дык што-ж бывала, што каторы паедзiць i высячыць, а лясьнiк яго паганяiць. Каторы-ж папаўся дык пэўня-ж, што лясьнiку за гэта ў рукi нi цалаваў. Ну а камiндант зноў-жа камiндантам. Ня ўсе яго любяць, але-ж каб забiваць за гэта чалавека, дык дзе тамака...

- Значыцца, - падхапiў Левандоўскi, - вы гэтым кажаце, што людзi маглi крыўду мець, але не такiя вялiкiя, каб за iх чалавека забiваць?

- Яно так выглядаiць, - згадзiўся Дзяркач.

Камандант зацягнуўся папяросай, пусьцiў кружкi дыму й глыбока задумаўшыся, паволi прыглядаўся iм аж пакуль расплывалiся пад шэрай столяй. Нiна ўстала з-за стала, села на табурэце ля вакна i ўзялася цыраваць шкарпэтку.

- З нашай гаворкi тады выходзiць, што чалавек мог мець ворагаў, але не такiх вялiкiх, каб яго каторы забiў. А вам пэўне-ж вядома, што яго абскардзiлi, што ён тут адну жанчыну з вашай вёскi ўлетку нiбы за ягады застрэлiў.

- А гэта..., было такое. Ды гэта нi даказана за што. Казалi, што выпадак быў. От нiхай солтыс скажыць...

- Бжончэк старую Бахмачыху застрэлiў, - сказаў Паўлоўскi. - Але гэта так сталася, што яна нiбы за лясьнiкову стрэльбу схапiлася, каб за мужа заступiцца. Знаеце, выпадак такi няшчасны...

Левандоўскi зноў падумаў, зiрнуў на недакурак, устаў ад стала й занёс ды выкiнуў у прысак пад плiтой.

- А ў гэтых Бахмачоў якая сям'я?

- Пракоп Бахмач, удавец цяперака ну й два сыны.