Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 101

К Акула

Адказ, як цаца! Узброiць людзей у лясох, наладзiць сувязь, выслаць спэцыялiстых з карных i палiтычных ворганаў для вышкаленьня й кантролi ды каардынаваць iх дзеяньнi. Працiўнiк нiколi не адгадае, што яму рыхтуецца. Бальшыню забранай iм зямлi такiм чынам перавесьцi пад сваю кантролю й адтуль нацiскаць. Разьвязка сама напрашвалася. Адно пытаньне: цi тойсамы народ, якi некалi так гэраiчна супраць цярскага глуму паўстаў ды ня так даўно сваю дзяржаву аднавiў, якую сiлай разбураць давялося, цi народ гэты стане на ўслугi скампрамiтаванай i зьненавiджанай iм улады?

Напляваць! Ня стане сам дык сродкi для падахвочаньня знойдуцца, гэтак як ад Iвана й Пятра ды пазьнейшых "спадкаемцаў" Рыму й Бiзантыi завялося. Паставiць нярод перад выбарам, а выбар даць толькi адзiн.

Нямецкi акупант, каб забясьпечыць зад фронту, яшчэ ня ўзяўшыся за свае амбiтныя пляны масавага вынiшчэньня мясцовага насельнiцтва для будучай калянiзацыi гэтых земляў, спачатна прыняў элемэнтарныя меры аховы шляхоў сувязi, транспарту й базаў на занятых тэрыторыях. На чыгунках i пры ваенных аб'ектах зьявiлiся вартавыя й рэгулярныя вайсковыя патрулi. Адылi хутка выясьнiлася, што для ўтрыманьня ўлады ў гэтай краiне сваiх сiлаў ня хопiць, а таму давялося ў нябыт аддаць цi нi самае галоўнае, што некалi вызначыў Адольф Гiтлер: "Нiхто, апроч Немца, не атрымае права насiць зброi". На помач была паклiканая мясцовая палiцыя, намiнальна для аховы парадку й нiхто не ўяўляў тады, што з часам, калi полымя вайны, што выйдзе зь лясоў, дабярэцца да шляхоў i базаў, роля ахоўнае палiцыi зусiм зьменiцца.

Вайсковыя патрулi на двухшляховай чыгунцы побач Лiтоўцаў ужо ўжылiся ў быт сялянаў, зрок звыкся зь iмi так, як прыкладна з гаравацкiм гiгантам Архiпам цi тымi сястрыцамi соснамi на могiльнiку. Бачыш вунь далекавата на чыгунцы дзьве постацi, шлёмамi завершаныя. Ледзь-ледзь рухаюцца роўнамерным крокам. Дый цi толькi днём. Лiтоўскiя даўно вымяркавалi навет, як часта патрулi праходзiлi. Ведама, што чыгунку сьцерагчы трэба. Ад каго? Гэта, ведама-ж, ваенная справа.

У вадну зiмовую ранiцу патруль наскочыў на нешта дагэтуль нябачанае. На ўсходнiм шляху знайшлi разьвiнчаныя й зрушаныя рэйкi. Зараз за паваротам, з лагодным нахiлам унiз, значыцца там, дзе машынiсту цяжка цi немагчыма ў час спасьцерагчы шкоду й затрымаць цягнiк. Патруль неадкладна заалярмаваў базу i ўдалося спынiць надыходзячы, наладаваны войскам i запасамi цягнiк, ухiлiць катастрофу. Пасьля направы, цягнiк спозьнена рушыў на ўсход, а мясцовыя ваенныя ўлады пачалi сьледзтва. Сьляды злачынцаў згубiлi на ўежджанай дарозе, а роспыты ў прылеглых да чыгункi хутарох i вёсках, у тым лiку i ў Лiтоўцах, нiчога не далi. Патрулi на чыгунцы ўзмоцнiлiся.