Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 93

К Акула

Пакуль Дзяркач удумках зарэагаваў на словы новага каманданта, той борзда ўстаў з лавы, падыйшоў да Нiны ля прыпечку, правай рукой прыгарнуў яе да сябе, нахiлiўшы сваю галаву да ейнае. Чорныя вусiкi апынулiся зусiм блiзка Нiнiных вуснаў.

- Гавару, што панi вельмi прыгожая. Як завешся?

Такое неспадзяванае панiбрацтва зьдзiвiла гаспадыню, але яна зусiм не зьбянтэжылася. У сваiм жыцьцi, бяз сумлеву, бачыла цi мала нахабнiкаў i гэты чарнавусы ня быў навiною. Яна спрытна крутнулася, вышмыгнула з учэпiстай палiцыянтавай рукi. У левай руцэ трымала кавалак сала, а ў правай вялiкi нож i пазiрала Левандоўскаму проста ў вочы.

- Паночак, вы што гэта? Рукi пры сабе дзяржыце!

Голас цьвёрды, войстры. Зiрнула на Антося i ў гэным позiрку, здаецца, дакор: паглядзi як ты на такое дазваляеш!

Антось зьбянтэжыўся. Як ты спынiш дзiкуна, калi ён - улада, ды ў тваей хаце да тваей каханай дабiраецца?

- Але-ж панi мае й характар, фу! Агонь! - зьдзiвiўся, як апечаны, палiцыянт. Ён адыйшоўся ад Нiны й пачаў спацыраваць па хаце. Наступiла нязручнае маўчаньне, адно Нiна, умiг паспакайнеўшы, падыйшла да прыпечку i ўзялася за перапыненую палiцыянтам работу. Дзяркач мяркаваў, што не да яго належала iнiцыятыва гутаркi, таму ўважна прыглядаўся новаму каманданту.

Быў гэта чалавек сярэдняга росту, шчуплы, з вайсковай вытрымкай i крокам, якi вандраваў, вiдаць, шматлiкiмi й далёкiмi дарогамi. Ведаў, добра ведаў Антось гэты крок. Ды ён-жа й сяржантам, цi, як панямецку, фэльдфэбэлем быў. Цi мала мог новабранцаў паганяць. З выгляду яму трэба было саракоўку, дадай цi аднiмi год, - даць. Пад носам разьмясьцiўся цёмны паясок каротка абстрыжаных вусаў, а на дробным твары найбольш рухлiвымi былi вочы. Яны рэдка спынялiся, здаецца, на адным пункце. I выглядала, што рэдка калi на цябе пазiралi, а заўсёды абмiналi твае вочы. Спад чорнае пiлёткi тарчэла густая чорная грыва валасоў. На гэтым шчуплым, худаватым чалавеку гладка ляжаў добра дапасаваны чорны мундзiр. Вiдаць, што каманданту на добрага краўца пашанцавала. На нагах у яго былi абшытыя скурай, зграбныя, лепшай якасьцi валёнкi, магчыма, што "трафейныя".

У яго жэстах, паваротах i гутарцы вычуваўся аўтарытэт, упэўненасьць у сябе й няведама колькi да гэтага спрычыняўся ў чорнай кабуры Люгер.

- Пан солтыс расказаў мне пра вас, - гаварыў Левандоўскi, спацыруючы. Выцягнуў зь кiшэнi залатую папяросьнiцу, паважна, быццам нешта абмяркоўваючы, выняў папяросу й круцiў яе мiж пальцаў. Пстрыкнуў запальнiчкай i зацягнуўся першым глытком табачнага дыму. - Так, пане, я вас крыху знаю. Вы дэзэртыравалi з польскага войска?

Пытаньне зусiм неспадзяванае. Левандоўскi спынiўся насупраць Антося, а рухлявыя вочы затрымалiся на Дзеркачовай барадзе.