Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 92

К Акула

- I напiсана, што "добра маемся"?

- Ага. Я тры разы перачытвала, а Вульляна дык напамяць знаiць.

- Можа так добра маюцца, як гэтыя ў Бярэзьвечах?

- Што ты! Нi дай, Божа! Кажу, што чытала. Ды гэтыя-ж савецкiя, дык iх голадам мораць i страляюць, а яе-ж сыны былi ў польскай армii. Казаў яшчо дзiравы шляхцiц Вульляне, што польскiя палонныя ў нямецкiх лягерах каторыя, дык iм пасылкi зь ежай Чырвоны Крыж з Англii прысылаiць...

- Дзякуй Богу за гэта. Кажаш, пiшуць, што вернуцца?

- Ага, сама чытала.

18

Пазiраючы на "дзiравага шляхцiца" й Левандоўскага, што сядзелi на лавах пры стале ў Нiнiнай хаце, Антосю Дзеркачу навет ня трэба было ўгадваць, што яны, пэўне-ж, "нi так сабе ходзяць". Без патрэбы не завiталi-б да яго ў гэты засьнежаны пасьлякалядны дзень. Прыехалi собскай брычкай Паўлоўскага каля абеду. Значыцца, солтыс мусiў у Гацi паехаць, забраць новага фэльдфэбэля-каманданта, што на месца Бронхэра прыйшоў. Як i папярэднiк, гэты таксама фольксдойчам быў, папольску нядрэнна гаварыў, дзесьцi з Памор'я паходзiў.

Чаго яны прыехалi? Хутка шыла зь мяшка вылязе, разважаў Антось. А вылезьцi яму паможа вунь тая пляшка сiвухi, якую Антось на стол паставiў. Хоць сам на гарэлу не ляцеў, жыцьцёвая практыка падказала, каб яе на ўсякi выпадак трымаць, як мясцовыя казалi, - "каб калi ад чарцей адкупiцца"...

Нiна ўвiхалася ля плiты, пад якой буйным агнём заняўся хвораст. Жанчына вялiкiмi скрылямi рэзала сала, што вось неўзабаве засквiрчыць на патэльнi, прыемным пахам будзе дражнiць моздры. Ад таго часу, калi Нiна й Антось цудам вырвалiся з бальшавiцкiх лапаў i вярнулiся дамоў, яны жылi разам, загаспадарылiся. Антось узяў ад бацькi невялiкае сьвiнчо, якое пры доглядзе руплiвай гаспадынi вырасла на добрага парсюка. Перад Калядамi яго закалолi й такiм чынам завёўся рэдкi ў гэны ваенны час "шпэк", за якiм бесьперапынна валачылiся па вёсках чужыя прыблуды.

- Але й баба ў цябе прыгожая! - усклiкнуў Левандоўскi й зусiм бясцырымонна прыглядаўся жанчыне.

Нiна належала да тых вясковых красак, якiя часта ў зарослым лебядой агародзе не дагледзiш. Яна ўвыдатнялася сьцiплай, упарадкаванай, утрыманай красой. Не дарам-жа некалi Паўлюк Бурак на яе палакомiўся. Колькi разоў мяркаваў Антось як выглядала-б жанчына, калi-б прыаздобiць яе ў нешта запраўды дарагое, зьзяючае, скажам у якi якi цэнны шоўк цi дыяманты. Адылi бачыў, што што прынаднасьць ейная ў сьцiпласьцi ляжала. Недарагое й простае, - трант цi неданосак, - умела перашыць, дапасаваць да свае фiгуры, якую запраўды маглi-б песьнямi вялiчаць паэты красы. Жанчына зь дзявочаю постацяй, яна ўсё яшчэ пра першае дзiця марыла. Схавайцеся перад ёю непадстрыжаныя авечкi: хвядосавы манькi, брунiськi, макатунiшкi. Не дарма за ёю бесьперапынна дзяцюкi цiкавалi. Зiрнi хаця-б на гэныя пушыстыя мяккiя каштанавыя валосы, ружовай касынкай перавязаныя ды зiрнi на румяныя шчокi цi вусны, быццам для пяшчоты створаныя. А ў тых сiня-шэрых, вялiкiх i пранiклiвых вачох часамi паказвалася цьвёрдасьць, мяжуючая з крыўдай. Гэта, пэўне-ж, спадчына цяжкое дарогi, якая, калi-б ня перашкодзiла вайна, прывяла-б праз бальшавiцкiя вязьнiцы й канцлягеры да магiлы. Але на зьмену цьвёрдасьцi прыходзiла лагоднасьць i тады Антось пазiраў у вочы каханай жанчыны й жыў асалодай гаючага супакою.