Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 91

К Акула

"Дамавiна". Слова настырлiва паўтаралася, пагражала.

Вось дзе й калi яно пачалося. Адчынiлiся вочы, перад якiмi вырастала трагiчная панарама ўпадку вялiкага народу. Вiдаць, што заходнiя хiжакi доўга й старанна плянавалi й капалi магiлу, рыхтавалi дамавiну. Дый цi толькi заходнiя? Сабалеўскi-ж адно цяпер да Люблiнскае вунii дабраўся. А там далей з усходу дзяржыморда неўзабаве абаронныя ўмацаваньнi Вялiкага Княства Лiтоўскага праломiць. Пад нагайкай "чужака-дзiкуна" паўстане нязносны прыгон i павядуць на сьмерць гордых i непакорных найлепшых сыноў i дачок.

- А чаго-ж ты, Янучок, так задумаўся?

Заўсёды прыемны й мiлы голас Дунi, тут-жа праз вушанку, вярнуў яго да рэальнасьцi. Дзяўчына ўзяла яго пад руку, прыхiлiлася, а васiлькi вачаняты iз затоенай iскрынкай гарэзьлiвасьцi сквапна шукалi на Януковым твары прычынаў ягонай задуменасьцi.

- Ды нiчога, - буркнуў адчэпнага Янук.

- Ну скажы, скажы пра што думаў! - налягала дзяўчына.

Блiзка былi ейныя вусны, тыя самыя, каторыя некалi ў канюшыне яго спакусалi. Але цяпер яны ня прынаджвалi, а быццам загадвалi.

- Думаў аб Люблiнскай вунii, - адказаў Янук. - А яшчо болi пра дамавiну.

- Ха-ха-ха! - разрагаталася дзяўчо. - А я думала, што ён... А чаму пра дамавiну?

- Ну знаеш як Сабалеўскi казаў. Ты-ж на лекцыi была, мусiць-жа слухала.

- Янучок, Янучок, я-ж табе казала, што як будзеш надта многа думаць, дык скора састарэешся.

Голас лёгкi, жартаўлiвы, тварык ясны, марозiкам зачырвонены-прыкрашаны. Гэта ня тая частая надзьмутасьць i ня колкасьць у вачанятах-васiлькох. Здаецца, што знаеш яе ўсю, наскрозь, але вось адкрываеш новае ў наступным павароце...

- Ты, Янучок, ня чуў колькi дзiравы шляхцiц кажухоў сабраў?

Ад дамавiны да кажухоў. Зручны скок. Цяперашняе, калi навет i ня грэе, дык усё-ж цела блiжэй чымся халодная, даўная, з выразным прыцiскам Сабалеўскага, дамавiна. Роўным скрыпам гаманiў пад нагамi мароз, брылянтамi расьцьвiталi на галiнах азяблыя сьняжынкi. Аблiваючы ягоны твар цёплым дыханьнем, штурхала ў плячо Дуня.

- Нi знаю. Вiдзiў, як зь нейкiм Немцам на развалках жабраваў. Да нас заходзiлiся, фiгу дасталi. А навошта мне ведаць?

- Я ўчора да цёткi Вульляны забеглася, мацi мяне была па нешта паслала. Казала Вульляна, што ад яе адзiн кажух вымантажылi. Ды знаеш як? Прывёз ёй дзiравы шляхцiц паштоўку, што праз Чырвоны Крыж прыйшла, пра ейных сыноў-галубкоў.

- Што ты кажаш? Дзяцюкi жывыя, абое?

- А як-жа, жывыя. Дый разам яны сядзяць, значыцца ў адным абозе. Дык Вульляна так узрадавалася, - нi жарцiкi гэта, яна-ж вочы сабе за гэтыя гады выплакала! - што чаго таго Немца й дзiравага шляхцiца з радасьцi нi расцалавала. Таму, мусiць, лёгка было ад яе кажух вымантажыць.

- Няўжо-ж...

- Казала, што кажух гэны Паўлюкоў, ужо падношаны. Наце вам, кажа, кажух майго сына-галубка, нiхай вам Бог здаровейка дасьць за такую вестачку.

- А ты паштоўку гэну чытала?

- А як-жа. Зьверху нейкi "сталяг" i нумар яго, гэта значыць абоз палонных зазначаны. А пасьля якiх пятнаццаць слоў усяго, мусiць болей пiсаць нi даюць. "Дарагая мама. Мы твае сыны Антон i Паўлюк цяпер у лягеры пленных. Добра маемся, здаровыя, есьцi досiць. Нi бядуй, вернемся" Дый падпiсалiся. От i ўсё.