Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 94

К Акула

- Нi дызыртыраваў я, - спакойна адказаў Антось. - Проста ў войска нi папаў.

- Гэта як так?

- Падарозе ў войска згубiўся, - тлумачыў дзяцюк.

- Гэта значыць, што вы за Польшчу не хацелi ваяваць, калi вас мабiлiзавалi? Цi-ж ня так?

Цяпер камандант пiльна ўзiраўся ў Антосеў твар. Дзяркач, быццам тое не да яго адносiлася, тупа пазiраў на гэтага чалавека ў чорным, адгадваючы што можа скрывацца ззаду за такiмi пытаньнямi. Ён нiчога не адказаў на апошняе пытаньне й Левандоўскi падыйшоў блiжэй. Ад яго несла адэкалёнам.

Пах скварак i яек квялiў насы. Нiна застаўляла стол пасудай, прынесла хлеб, шыткаваную капусту, агуркi.

- Запрашаю за стол, - зьвярнулася яна да каманданта й солтыса.

Не чакаючы прынукi, Паўлоўскi падсунуўся да краю стала, Левандоўскi зiрнуў на недакурак у руцэ, падыйшоў да печы i ўкiнуў яго ў прысак, а пасьля ўсеўся ля стала пад абразамi. Антось адразу прапанаваў выпiць. Запрашаць два разы ня трэба было. Левандоўскi пiў нагбом, нават ня моршчачыся для чужога вока. Самагонку пахвалiў, але ня пытаўся чыей была прадукцыi. Надзiва маўклiва трымаўся Паўлоўскi, што здалося Антосю крыху нязвычайным.

- Дык ня хочаце мне сказаць? - зноў спытаў Антося камандант. Ён са смакам жваў уложаную ў рот вялiкую скварку й напхаў туды шыткаванае капусты. Вочкi бегалi па вянках цыбулi на жэрдках пад столяй, папрыгожа засланым, iз стосам падушак, саматканым дываном ложку ды па Нiнiных грудзёх. Гаспадыня якраз да стала прысела.

- Што сказаць? - няўцямна перапытаў Антось.

- Цi вы хацелi, цi не хацелi за Польшчу ваяваць?

Небясьпека. Спрабуй адгадай куды гэты няведамы чалавек вядзе. Цi спрыяе ён больш Немцам, цi польскаму падпольлю? Трэба будзе Падгайскага й Паўлоўскага распытацца. "Чэрцi, чаму мяне да гэтага часу не паiнфармавалi?" - злавiў сябе ў думках Антось. - "А гэты во кручкi закiдаiць, злавiць мяне стараецца".

- Я думаю, што пан камiндант ужо ад солтыса пра гэта знаiць, асьцярожна адказаў Дзяркач.

Левандоўскi трымаў у руках усе карты. Пра Антося быў нядрэнна паiнфармаваны, а Дзяркач чуўся, быццам у тупiку. I вiнавацiць некага было. Да агранома трэба было даўно схадзiць, распытаць i разьведаць хто, што й дзе робiць. Нядбайла, у Нiнiных абдымках пра сьвет забыўся. Гэта ня зусiм так. Але рэальнасьць у чорным мундзiры за ягоным сталом сядзела, яго самагонку пiла й намагалася ў нейкую, няведамую яшчэ, пастку загнаць. Цьфу, чорт лазаты!

- Так, ня скрыўлю душой, пане Дзяркач. Пан Паўлоўскi казаў мне пра факт, а ня прычыны. Дык можа вы дапоўнiце?

- А калi не? - упёрся зрокам у чорныя вусiкi Антось.

На шчацэ побач вусiкаў ледзь зьявiлася зморшчына, магчыма адзнака нецярплiвасьцi. Камандант напорна ўзiраўся ў Антося, але сам выдатна маскаваўся, бо з твару ягонага цяжка было дагадацца пра думкi. Пустая маска бянтэжыла.

- Я вам магу загадаць, - ледзь усьмiхнуўся начальнiк.

Антось трымаўся спакойна. Ударыўшы яго па плячы, камандант разрагатаўся.

- Ня бойся, пане Дзяркач, жартую. От спалохаўся. Завiталi-ж мы да свайго чалавека, праўда цi не, пан солтыс? Пасядзець, пагаманiць, ну й пазнаёмiцца. Цi-ж гэта, пане Дзяркач, дрэнная рэч, калi сам камандант палiцыi вам гонар робiць, у хату загляне?