Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 95

К Акула

Голас быццам сяброўскi, але напружаны. Асьцярожна!

- А гэта-ж нам гонар зрабiлi, праўду кажаце, пан камiндант, - сказала Нiна проста й натуральна, пагасьцiннаму. Левандоўскi ўсьмiхнуўся да яе.

- От бачыце, пане Дзяркач, i вашая панi са мной згаджаецца. Асьцярожнасьць - залатая рэч, - прадаўжаў Левандоўскi. - Бачу, што цяжка за язык вас пацягнуць, лiшняга слова ня скажаце. I цяпер у гэты момант вы пэўне абмяркоўваеце прычыну, чаму мы да вас заглянулi... Няпраўда?

Камандант спынiўся, роўна й напорна глядзеў Антосю ў вочы. У тым позiрку было нешта няпрыемнае, халоднае, як коўзкi рух гадзюкi. Гэтак вось, бязь нiякае эмоцыi, звычайна разглядаецца нейкую рэч, няжывы аб'ект.

На дварэ зазьвiнеў ланцуг i завiшчэў Ромак. Цi ня пах скваркi квялiў ягоны нос.

- Нiна, ты Ромку сягоньнiка кармiла?

- Ага, ранiцай.

- Дык чаго ён вiшчыць?

- Можа пабегаць прырупiла?

- Iдзi во, кiнь яму якую бульбiну цi кавалак хлеба.

- Ладнага сабаку маеце. Як завуць? - спытаў Левандоўскi пасьля таго як Нiна выйшла.

- Ромак.

Камандант пазiраў на Дзеркача, спадзяючыся пачуць пра "ладнага сабаку" больш, але Антось маўчаў.

- А чаму ты сягоньня вады ў рот набраў? - зьвярнуўся Дзяркач да "дзiравага шляхцiца".

Нiна вярнулася ў хату й прысела каля стала.

- Набраў, цi нi набраў, - пачаў Паўлоўскi, - а калi мне трэба дык нiхто мяне на дробную манету нi разьменiць, сам знаiш. От быў у мястэчку, пан камiндант захацеў праехацца, ну от i да цябе заехалiся.

Было ўсё гэта сказана зь вялiкай натуральнасьцю й самаўпэўненасьцю. А яшчэ важней тое, чаго "дзiравы шляхцiц" не сказаў. Напрошвалася галоўнае i асноўнае пытаньне, на якое, памяркаваўшы, Антось не адважыўся. Лепш памаўчаць, пачакаць.

- Пэўне-ж, вы падазраеце, - быццам у вадказ на ягоную думку пасьпяшыў Левандоўскi, - што для прыезду да вас у нас мусiла быць нейкая надзвычайная, страшна важная прычына. А прадстаўце сабе зусiм адваротнае, скажам, што нiякай такой важнай прычыны i заваду нi было. Як тут пан солтыс проста сказаў: "пан камiндант захацеў праехацца", ды ўсё. Цi можа вы думаеце, што я проста ня мог захацець праехацца? А цi от так падарозе да вас цi да каго iншага забегчыся нельга, каб людзей пазнаць, га? Ну як вам здаецца?

Лiтроўка апусьцела напалову. Антось усьмiхнуўся з такога павароту камандантавай гутаркi ды ўзяўся налiваць чаркi.

- Пан камандант ёсьць гаспадаром свайго часу й калi яму захацелася праехацца то няхай сабе езьдзiць на здароўе.. А цяпер можа за гэта i вып'ем? - прапанаваў Антось, падняўшы чарку.

- За камандантава здароўе! - падтрымаў солтыс.

Выпiлi.

- Закусвайце, калi ласка, пан камандант, - прапанавала Нiна. - Бярыце, калi ласка, - падсунула яму яечню.

Камандант узяў скварку на вiдэлку, уважна ёй прыгледзеўся i ўлажыў яе ў рот.

- Мне здаецца, - i вы з гэтым, пане Дзяркач, бяз сумлеву, згодзiцеся, што для мяне, як каманданта палiцыi, вельмi важна пазнаць людзей, дый ня толькi ў мястэчку, але й навокал. Цi-ж ня так?