Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 90

К Акула

Няпрытарнаванай да зiмовай вайны зброяй надта не наваюеш, дый акалелыя ўжывальнiкi яе мелi-б мець цёплыя плечы й непадмарожаныя канцавiны. I тады пiльны зрок нямецкiх ваенных верхаводаў спынiўся на мясцовых жыхарох i спасьцярог кажухi. Умiг нарадзiўся клiч: кажухi на ратунак! А мясцовыя, як рэха гэнаму клiчу: кажухамi адбой генэралу Марозу!

Апрануўшыся ў адопаведную канцылярную хворму, загад разросься й расплыўся па занятай зямлi. Нiякае ўзнагароды за кажухi акупант ня сулiў. Вынiкамi таго найлепшыя й найнавейшыя кажухi з рэкорднай хуткасьцю зьнiкалi ў зусiм тайных i бясьпечных месцах, быццам-бы да часу, пакуль распагодзiцца. Народ пераапранаўся ў латанае, абношанае-абшмулянае стар'ё.

Нашто ўжо кемлiвы й выпрабаваны селянiн, але гэтта, казалi, крыху падшванкаваў, бо ўсё-ж даўся чужынцу скубануць. А на пацьверджаньне ў Лiтоўцах апавядалi, што быццам ня хто iншы, як сама дападлiвая пахатуха Кмiтава Аўдоля бачыла, як "на хронт" кажухi вязьлi. Ляцеў, бачыце, зусiм нiзка-нiзенька пузаты нямецкi самалёт якраз тады, як Аўдоля не за чапялу цi качаргу трымалася, а выбегла на двор паглядзець чаго доктараў сабачонак упрысядкi аж разбрахаўся. I трэба-ж... - Павер, мiлая ягодка мая, гэта-ж ляцiць, каб яго пранцы, гэты iраплан гэтак саўсiм нiзка. Дык вiджу, матляецца так, высунуўшыся праз вакно, рукаво ад кажуха. Гэта-ж Немiц, знаеш, на хронт назьбiраныя нашы кажухi павёз.

Разумнiкi кпiлi, што акупанту ўдалося надта мала, дый то старых i палатаных кажухоў вымантажыць i што гэна стар'ё нянадта пасобiць "Дранг нах Остэн" пхнуць.

Янук i Дуня ўжо добра пратоптанай лясной сьцежкай са школы дадому йшлi. На заходнiм небакраi вынырнула з-за хмараў сонца, умiг ператварыла сьнег i вакольную пушчу ў яркую, зьзяючую, цяжкую на вочы бель. Мароз прыемна скрыпеў пад падэшвамi. Сьцюжа праймала Янука праз палатаную, парудзелую тужурку-абносак. Адно прыемным цяплом трымалася на галаве палiняная вушанка. "Як разумна зрабiў, - думаў юнак, - што накруцiў на ногi ў дзiравыя боты болей анучаў". Забясьпечаная некалi камбедам Дуня Макатунiшка вызiрала зарумяненым марозам носiкам з башлыка цёплай, суконна сiняй тужуркi. А на нагах мела цёплыя валёнкi.

У Януковым уяўленьнi стаяў гiсторык Сабалеўскi. - Для Палякаў, тлумачыў настаўнiк, - Люблiнская вунiя трыюмфам завяршыла дзясяткi гадоў натужанай працы iхнага клеру, магнатаў i шляхты. Як пасьля народ беларускi агледзiўся, для яго тая-ж вунiя, прымусам яму накiнутая, дамавiнай сталася. Яна шырака адчынiла Палякам дзьверы да калянiзацыi нашай бацькаўшчыны. Па ўсей зямлi нашай паступова й няўхiльна пачалi гаснуць агнi беларускай культуры, самастойнасьцi, нацыянальнага жыцьця, якое тады было...