Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 78

К Акула

Вялiкая ты, воля. I незраўнальна магутны той, хто стварыў цябе. Хораша, прыгожа, цудоўна дыхаецца табой. На нагах бацькавы зношаныя боты, але сын ня крочыць у бацькаў сьлед. Пракладаць трэба сьцежкi новыя. Ад каго чуў Янук такое, цi падобнае? Цi ня ў школе ад Сабалеўскага?

Так, меў Янук нейкую сваю, аднаму яму наканаваную, дарогу. Адчуваў гэта. Калi-б яго, гэнага асаблiвага свайго прызначэньня ня меў, ня клiкаў-бы яго праныра-жартаўнiк на Марылiн Горб. Як ня дзiўна? Усе такiя юнакi, як ён, равесьнiкi й блiзкiх гадоў хлапцы дзесьцi нейкiя бiбiкi зьбiваюць. А ён вось тут, на таямнiчым Марылiным Гарбе, толькi таму, што ёсьць нешта "надта, надта важнае"!

Цiкава, чаму гэткiя нязвычайныя думкi новыя якраз цяпер назойлiва свайго абмяркаваньня жадаюць? Чаму якраз тут, пры гэткiх стройных, быццам на параду прыгажосьцi гатовых, бярозах? Спынiся, зiрнi на гэтыя цацы. Голенькiя, на зiму яны падрыхтавалiся. Чалавек на холад апранаецца, а гэтыя наадварот. Кантраст. I вакол маестатычная цiшыня, адно ледзьве чуваць далёкiя адгалоскi вёскi. Ды павёз некуды прылады вайны пiсклiвы паравоз.

Дамагалася праслуханьня загнеджаная ў неспатольным юнацкiм сэрцы й вiна перад бацькам. Стары, жыцьцём падбiты, часта нямоглы чалавек. Трэба было-б яму больш пры гаспадарцы пасобiць. Кагадзе зноў схапiлiся. Ня першы гэта раз. Надта-ж войстра. Янук сам сябе ледзь пазнаваў. Седзячы на печы, апусьцiўшы на пяколак босыя ногi, гаварыў Пракоп Бахмач.

- Куды цябе нячысьцiк гонiць? Ня вiдзiш во якая нясусьвецiца? Чорт знаiць, што вырабляецца. Прападзеш, скруцiш галаву, кажу...

- Тата, сам ты ня вiдзiш, што робiцца. Бiларусь во расьцець. Яна такiх, як я, патрабуiць. Я малады. Мне другая дарога, чымся табе. Твой сьвет аджыў...

- Калi яна расьцець, гэта такая твая Бiларусь, дык i бiзь цябе вырасьцiць. I якая табе другая дарога? Куды цябе? Чым ты занiмаiшся? Вайной блiжэй свайго кута дзяржыся... ато галаву скруцiш. Нашто табе гэты Дзяркач? Вунь пакуль вы каго, дык яны вас перш...

- Галавы я, тата, нi скручу. Ты сваё жыцьцё жыў, а я сваё ды сваiм розумам жыць буду. Цi ты, тата, гэтага нi разумеiш?

- Жабянё! Цьфу! Яйцо курыцу вучыць узялося. Ня будзеш мець куска хлеба дык з голаду прападзеш. Бiларусь выдумаў... Дзе яна, тая твая Бiларусь?

- Я яе ня выдумаў, тата. Яна была й ёсьцека!

- Дзе хто пра яе чуў, тую Бiларусь? Каму яна трэба?

- Дык вось я табе, тата, скажу: Бiларусь - гэта ты i я, гэта ўсе мы. I гэта наша зямля, а нi Маскалёва, нi Немцава, нi Палякова. Каб некалi нашы продкi не далiся чужынцам абдурыць, дык даўно-б сваю дзяржаву мелi, а чужыя злыднi-кравапiўцы нас жабракамi на сваiх нiвах не парабiлi-б...

- Што ты вярзеш, ёлупень! Каля гаспадаркi во цябе, нябось, нiма. Як во ня будзiць чаго есьцi й голы пуп прыкрыць чым, дык ты, такi разумны, згiнеш!