Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 79

К Акула

Апошняе, зь вялiкiм нацiскам выказанае "згiнеш" лягло мяжой. Пасьля гэтага бацька ня выказваў талеранцыi да сынавых разважаньняў, прост-напраст ня меў намеру слухаць. I ўсё гэта трывала дзесьцi да першае гадзiны ночы, пад роўнае дыханьне непрабуднага Мiколы. Адчуваў Янук, навет дакладна разумеў, што магла бацьку iнтрыгаваць ягоная мова. Гэта быў нанос зь лекцыяў гiсторыi, якую ў школе вучыўся й мо недасягальная вышыня для чалавека, якi за жыцьцё сваё сотнi кiлямэтраў за поручнямi плуга й за бараной зрабiў. Але як накш выкажаш свае думкi? I адчуваў Янук, ведаў добра, што ня звычайная была з бацькам спрэчка. Навокал тварылася шмат большае за яго й бацьку. Зьвяруга вайна можа падхапiць i панесьцi яго ў сваей зьнiшчальнай плынi i кiнуць стоць у нейкi небясьпечны вiр.

Янукоў нос пранюхаў гар дыму. Лагодна дзьмухнуў вецер i недзе ўверсе нудна скрыпнула надломанае дрэва. Прыслухоўваючыся, Янук паволi ступаў мiж бярозаў. Неўзабаве густая iх чарада ўступiла месца радзейшым кустом i воддаль мiж галiнаў Янук псасьцярог рэдкi сiняваты дымок. Непадалёк вялiкае, падоўжанае кучы хворасту й ацяробкаў на калодзе ля вогнiшча сядзеў чалавек. Па чырвоным, добра-ткi ўжо падношаным кажушку, кепцы, на правы бок галавы насунутай ды цёмных валосах Янук пазнаў Антося. Неадступным бярозавым кiем пароў ён вогнiшча.

- А, гэта ты! - адвярнуўшыся, усьмiхнуўся дзяцюк. - Добра, што прыйшоў. Я сяджу во й думаю, што ты мог-бы й пабаяцца...

- Во, а чаго? - бадзёра спытаўся Янук.

- Ну дык як гэта чаго... Пра гэты-ж во, пра Марылiн Горб дык цi мала чаго навыдумлялi. Нiбы тутака самыя чэрцi рагатыя. Пэўне-ж i сам наслухаўся!

- Чаму-ж не.

- А ты знай, што чарцей людзi стварылi. Ня веру я ў iх ды людзi, на маю думку, страшнейшыя за чарцей бываюць.

Нiколi не даводзiлася Януку на паважныя жыцьцёвыя тэмы з Антосем гаварыць i ня ведаў ён чаго спадзявацца ад Дзеркача пасьля ўчарашняга.

- Нi стаi. Бяры во якую калоду ды сядай.

Янук азiрнуўся, выцягнуў з кучы чурбан дрэва й сеў на iм ля вогнiшча, насупраць Антося.

- Нехта тут во добра пры бальшавiкох паласаваўся. Бярвеньне сьцягнуў а суччо й ацяробкi пакiнуў.

- Ага, - згадзiўся Янук.

- Ды пачакай, нiхай во балота ўмерзьнiць, от сякеры й пiлы пойдуць у работу.

- Думаеш?

- Людзём трэба дрэва. Пакуль там хто агледзiцца... От увiдзiш...

- Можа быць, - згадзiўся Янук. - Але-ж i прыгожы дзень.

- Дзень нiшто сабе мы выбралi.

Антось упарта ўглядаўся ў вогнiшча, дзе найбольш дымiў смаляк i тлела суччо, аддаючы прыемне цяпло. Дзяцюк пароў смаляк кiем. Дым iшоў амаль стоць уверх.

- Вытрубiлi мы ўчора ў Паўлоўскага бутэльку сiвухi ды яшчо кмiноўкай паправiлi. Дык, халера, галава цяжкая сягоньнiка. Але трэба было.

Гэнае "трэба было" нейкiм вiнаватым голасам сказаў i дзесьцi ўбок зiрнуў.

- Во, я ня думаў, што ты п'янiца. Ды яшчо зь кiм? Зь дзiравым шляхцiцам! - абвiнавальна кiнуў юнак.

- Чакай ты, паволi! - пагарачыўся Антось. - Ужо ты так адразу п'янiцу зь мяне робiш, а нiчога нi знаiш. Калi-б ня трэба было, дык я-б да гэтага самага шляхцюка дзiравага й на парог нагой ня ступiў.