Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 77

К Акула

15

Рэдка даводзiлася Януку быць у гэтым месцы Лiтоўскага балота. Яшчэ змалку вынырнуў у ягоны сьвет таямнiчы Марылiн Горб. Побач Гараваткi ўжыўся ён у мясцовы фальклёр.

- На Марылiн Горб змыўся ўсякi чорт, - гаварылi людзi.

Адкуль тое ўзялося? Можа спытацца дзеда Якуба? Можа-б ён расказаў пра Марылiн Горб так, як калiсьцi пра Гараватку? Дзеда побач ня было, адно маўклiвая касалапая хвоя ў групе такiх-жа самых хвояў i Янук мяркаваў як дабрацца адгэтуль да Антося Дзеркача, якi гэтта недзе чакаў яго.

Сыбота, перад Пакровам. Учора мiмаходам пры Пятуховай клецi Антось сказаў яму коратка й загадна: - Заўтра рана прыхадзi на Марылiн Горб! Надта, надта важнае! Хачу цябе вiдзiць. Глядзi-ж, ня бойся!

"Добра сказаць, ня бойся! А мне, малому шышу, каторы гэта месца абмiнаў раней..." - думаў Янук, якому дзесь воддаль зданi чарцей маячылiся.

У таямнiчасьцi Антосевага голасу i ў загадкавым выразе ягоных пранiклiвых вачэй адказ быў захаваны. Зь iншага боку Янук верыў, што чалавек яго ня зводзiць. Калi ўжо сюды паклiкаў, дык прычыну меў. Пра нейкую дрэнь мог-бы мiмаходам, на тын абапёршыся, сваiм жартаўлiвым, зроўнаважаным голасам сказаць. "Надта, надта важнае". Ды яшчэ "ня бойся".

Хвоi быццам карагодам, адна пры аднэй, да скокаў сабралiся. А вышэй iх, у празрыстым бязьмежным небе панавала сэрца гоючая, мары натхняючая цiшыня. Замаразiла. Лёд сьцяў балота, а гэтта пад хвоямi трашчэла суччо, валялiся палушчаныя вавёркамi шышкi. Залаты супакой, слава прыроды.

З паўднёвага ўсходу праз густыя хвоi прабiлася сонца. Крыху лявей, на поўнач, грукацеў-тарахцеў цягнiк. Ад часу, як новы акупант звузiў рэйкi чыгуначных шляхоў, сiпатыя паравозы замянiлi пiсклiвымi. Недзе блiжэй, быццам хлёсткай пугай, сьцебануў паветра ёмкi выстрал. I амаль у тойсамы момант нешта стукнула Януку па галаве. Хлапец зiрнуў уверх. У конуснай верхавiне хвоi, быццам памяло, шмыгнуў хвост вавёркi. - Эх ты, гуляка! засьмяяўся Янук.

Прабраўшыся праз густыя хвоi, Янук прайшоў празь невялiкую прагалiну i апынуўся мiж гонкiх, быццам на якую ўрачыстасьць зграмаджаных, бярозаў. Пад старымi, растрапанымi, бацькавымi ботамi шалясьцела лiсьцё.

- Чорт знаiць, дзе цябе шукаць! - вылаяўся хлопец. - Адгадай, дзе ты падзеўся. I чаму я не распытаўся болей пра гэты Марылiн Горб?

Заклапочаны, Янук спынiўся. I прыгадаў сяньня рана з пасьцелi ўстаўшага бацьку.

- Куды-ж ты, сынок?

- Схаджу, прабягуся.

- Непаседа. Можа-б во пры гаспадарцы памог? Мiкола ўсё сам. Цi-ж ты ня вiдзiш?

Чаму-ж ня бачыў... Ды ў сэрцы ягоным загнязьдзiлася нешта, чаго не спанатрыць бацьку. Таямнiчае, трывожнае. Тое, супраць чаго сам устаяць ня мог. Прыйшоў новы, зусiм накшы час - нарадзiны Беларусi, - тое, чаго бацька, некалi пiсар пры восьмым цi каторым там стале ў Пецярбургу, зразумець ня мог. I было ягонае собскае, Янукова жыцьцё, новае, ад бацькавага зусiм адменнае. Маладое. I было яшчэ нейкае сваё, Янукова "я". На сутыку двух розных сьветаў. Там, дзе трухлеюць, канчаюцца, распадаюцца iмпэрыi й парасткамi, у агнi вайны, у муках нараджаецца, да сонца прабiваецца дагэтуль заглушанае, стоптанае, паняволенае. Можа й сам Янук парастак гэткi, што доўгi час спад нейкага паваленага пня наверх, да сонца хацеў вылезьцi... Нехта зрушыў трухлявы пень i ён, Янук-парастак, да новага жыцьця iмкнецца-натужваецца. I пры чым тут бацькавы настаўленьнi? Бацьку сваё жыць-аджыць, а Януку ягонае.