Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 80

К Акула

Пры апошнiх словах бразьдзей стукаў па смаляку ў вогнiшчы Антосеў кiй. Iскры падскаквалi ўверх.

- Ты, гэта самае, чуў, што Немцы нашых восем чалавек у Глыбокiм расстралялi? I твайго дырэктара Якаўлева? Ды нашага войта Бабра?

Янук анямеў. Што выпiўка лiтроўкi ў Паўлоўскага з гэтым супольнага мела? Цяпер згадалася ўчарашняе "надта важнае". Дырэктара ў школе некаторы час ня бачыў. Казалi, што захварэў, а ягоныя лекцыi зь геаграфii й матэматыкi вялi iншыя настаўнiкi.

- Як гэта расстралялi? Калi й за што?

Антось адказаў не адразу.

- Найболi гэтых, якiх расстралялi, як кажуць, за камунiзм, дык гэта нашыя добрыя людзi. Некаторыя былi ў Грамадзе й Палякi iх судзiлi. А Немцы ў Гацях як вады ў рот набралi. Ад iх нiчога не даведаешся. Камунiсты капут, ды i ўсё! А было гэта зроблена так шыта-крыта й скора, што пакуль людзi спасьцераглi дык тых, найболi з Гацяў арыштавалi, адвезьлi ў Глыбокае й забiлi. I разам зь iмi надта важнага для нас чалавека, войта Бабра. Бандзiты! I толька таму, што наш Кастусь Падгайскi маiць у Гацях у палiцыi свайго чалавека, таму мы й знаем як i хто гэта зрабiў...

- Паляч'ё? - спытаў Янук.

- Ну а хто-ж...

- От нячыстая сiла!

Настала доўгае маўчаньне. Антось упарта пазiраў у тлеючае вогнiшча. Моцна сьцiснула бярозавую палку рука. Канец яе колькi разоў па смаляку ўдарыў, узьляцелi ўверх iскры.

- От, братка ты мой. Пакуль мы агледзiлiся, дык паляч'ё нашых самых лепшых восем чалавек зьлiквiдавала. I то не сваймi, а нямецкiмi рукамi. Падумаць, падумаць толька! Усё, што нам астаецца, дык гэта сядзець, як старыя кажуць, ды "нiхай хоць сам чорт пануiць, абы добра жыць было". А нас па аднаму, па два, па пяць, па дзесяць так i выдушаць. I чорт панаваць будзiць на касьцях нашых!

Нешта ня зусiм укладалася ў Януковай галаве. Былi складнiкi, але не атрымлiвалася сумы. "Немцы, - думаў ён, - гэта нашыя прыяцелi. А хто-ж гаспадарыў?"

- Дык пры чым тут твая выпiўка зь дзiравым шляхцiцам?

Трэба было бачыць у гэны час Антося, а асаблiва назiраць за ягонай бярозавай палкай. Нiколi Янук Дзеркача ў такiм сьвятле не разглядаў. Зямля ад зямлi. I нешта самабытнае, наскрозь здаровае, любоўю да роднага, жаданьнем справядлiвасьцi да людзей прасякнутае. Вясковы жартаўнiк, такi сабе, быццам просты дзяцюк, што, здавалася, нiкому вока не запарошыў. Людзi, вiдаць, ня зусiм яго разгледзiлi. Цяпер Янук быў упэўнены, што гэта ня хто iншы, а толькi Дзяркач той Шпунтоў лёзунг на вясковай школе спэцкаў ды бальшавiцкага гарлапана як на даланi людзям, ледзь не нагала разьдзетага, паказаў.

- Пытаешся, пры чым тут выпiўка зь дзiравым шляхцiцам. Зараз увiдзiш, злосна скрывiўся Антось. - Гэта мне Кастусь Падгайскi расказваў, што гэты самы дзiравы шляхцiц да гэнай разбойнiцкай шайкi паляч'я належыць. А цi ты ведаеш, цi кумекаiш, што гэта за банда?

Янук ня ведаў, што на гэта адказаць. Бярозавая палка зноў пачала заўзята бiць па смаляку. Адчуваў юнак, што яшчэ найважнейшае ня было сказана, што яно наперадзе. I ажно баяўся, дрэннае прадчуваў.