Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 76

К Акула

Пад сярмягамi й кажухамi жвавей бiлiся сэрцы. Яны iз звычайнай, штодзённай бядой зжылiся. На тысячах твараў жахлiвая, неапiсаная роспач. Такая сiла людзей. Куды iх гоняць? Госпадзе мой! Дзесьцi свае вясковыя дзяцюкi ў такiм самым палоне. Ад праклятага верасьня адзiн iмглiсты ўспамiн астаўся. Як iх хто ў пропасьць! Кроплi дажджу на пыле дарожных сьлядоў. I ўсё. Нi слыху, нi водгуку. Куды iх загналi? Колькi зь iх выжыла? Як гэтых во, пакалечаных i зьняможаных па чужым гасьцiнцы пагналi... Хвалявалiся пад сярмягамi й сьвiткамi грудзi. Кароткiмi, абрывiстымi словамi перагукалiся вусны. Сьцiскалiся парэпаныя, каравыя ад кастры, жорнаў. ад цэпаў рукi.

Гора, зьбянтэжаньне, паралiж. Учарашняя магутная армiя - сяньня зьмерзлая, галодная галеча. Вунь адзiн упаў пад адхон. Брэх сабак, адрывiсты, ядавiты крык i кароткая чарга з аўтамату. Так проста й раптоўна. На вачох цэлае вёскi.

Як так льга? Чалавек - быдла. Нацiск курка. Пару часiнаў... I няма. Здрыганулiся пад сярмягамi сяляне. А вуж? Яму хоць-бы што. Нiякае рэакцыi. Як поўз так i паўзе. Быў чалавек - няма чалавека. А можа ён, гэты вялiзарны, шматтысячны вуж-пачвара, ужо й да гэтага прывык? Вуж мучыўся пустымi жыватамi, сьмяглымi вуснамi, дрыжэў з холаду, цярпеў ранамi.

- Матушка, хлеба!

Стогн чалавека, просячага збаўленьня... Каб прывiд шчарбаты з касой аддалiць-адпiхнуць.

Гэтта некалi горда, на прывiтаньне "доблiснай", з партрэтам ледзянавокага-васпаватага вырасла трыюмфальная брама. А пасьля на пятлi гойдалася старэйшая Макатунiшка. Бадзёра iмчалiся "вызвольнiкi". Цi гэта тыя самыя людзi?

- Людзi добрыя, памiлуйце! Хлеба!

I выцягнутыя рукi.

- Швайгэн, унтэрмэнш!

Голас, як кiнжал. I чарга з аўтамату ўверх.

- Кiдайце, бабы, у iх хлебам! Што яны нам зробяць? Страляць будуць?

Выразны й бойкi голас Бураковай Нiны. У ейнай памяцi свая Гальгота. Каб ня гэтыя чужыя людзi, з аўтаматамi, не вярнуцца ёй дахаты.

- Бабы, у каго ёсьць бульба, цi хлеб, кiдайце!

У калёну паляцелi акрайцы хлеба, бульбы. Захваляваўся вуж. Рукi лавiлi харчы на хаду.

I тады, пад заядлае браханьне сабак, нiзка над галовамi разрагаталiся аўтаматы. Немцы, - трэба iм справядлiвасьць аддаць, - трымалiся загаду, сваiх месцаў, рэагавалi на той палёт харчоў ледзь не механычна. Шнурам незразумелых праклёнаў адкрылiся глоткi. Вясковыя сабакi, каторыя з натоўпам былi, сьцямiўшы нязвычайнае, на адлегласьць зьнюхаўшы грозных ваўчароў, заядла зьвягалi, хвасты падцiснуўшы. Пiснулi зь перапалоху некаторыя жанчыны.

- Дарэмна вы! Такой масы не накормiце. Дражнiць ня трэба!

- Чаго добрага, пастраляюць iх, бедных!

- Або за хлеб падушацца.

Звычайная, чэрствая, практычная жыцьцёвая развага верх брала. I доўга яшчэ, доўга прыцярушаныя сьнегам, калеючы на сьцюжы, стаялi пры дарозе лiтоўскiя сяляне.

Вуж поўз гадзiны дзьве. На зьмярканьнi панурыя, маўклiвыя людзi разыходзiлiся па гасподах. Было пра што гаварыць. Але скупая, ашчадная мова гаротнiкаў нiяк не магла-б узнавiць цi перадаць таго, што стаяла перад вачмi. Вечарам Гараватка пабагацела яшчэ аднэй сьвежай магiлай. На парозе Лiтоўцаў вайна скрывiла свой агiдны твар.