Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 75

К Акула

Як i некалi, падчас таго параднага "вызваленьня", лiтоўскiя сяляне нясьмела падыходзiлi да гасьцiнцу. I вачом iхным паказаўся незабыты вобраз. Палонныя iшлi цiха. Колеру зямлi, аброслыя худыя твары, шмат дзе перавязаныя бiнтамi рукi, галовы. Iншыя брылi сваймi сябрамi ўспамаганыя. Шматнацыянальная вязьнiца-эсэсэсрыя рэпрэзэнтавалася тут усiмi колерамi й расамi, зь вялiкiм працэнтам плоскатварых Азiятаў.

Побач гасьцiнцу зьявiлiся сярмягi, сьвiткi, кажухi, тужуркi, працiнаныя ветрам i густой сьнежнай пацярухай. Перад iмi, пад пагрозай агня аўтаматаў, глухая стыхiя. Паабкручаныя шматамi ногi, закрываўленыя бiнты, часта голыя сьсiнелыя ад холаду грудзi, шэрыя, як зямля, твары. Два таварышы падпiраюць, цягнуць на руках трэцяга. Каб ня ўпаў. Бо канец яму будзе, капут!

Зглумленае нутро антычалавечай, можа найбольш жахлiвай з усiх зьненавiджаных iмпэрыяў. Пераможаныя, зьняможаныя. Ня зброяй, насустрач якой рукi паднялi. Безнадзейны адчай у вачох. У адчаi i маўклiнi сваей жахлiвыя. У гэтай шэрай, паўзучай масы яшчэ ёсьць пружынiстыя мускулы й зьвярыная свомасьць самазахаваньня ды здольнасьць iсьцi напралом.

Калi-б знайшоўся голас-сыгнал...

Што ўва ўсiх у адзiн момант адгукнуўся-б...

Тады...

Не, за ўсякую цану нельга да гэтага дапусьцiць. Спынiць усялякiя гутаркi. Каб iзаляваныя ў гэтай шматтысячнай масе былi адзiн ад другога. Таму стрэлы ўверх. Для постраху.

Наперадзе гайдалася каляска-прычэпка. Афiцэрская рука спыняе шофэра, паклiкае сяржанта.

- Генкэ, перадайце ў канвой: людзi каля дарогi зьбiраюцца. Узмоцнiць пiльнасьць. Страляць толькi ўверх!

- Яволь, гэр маёр!

Па ланцугу йдзе загад. Насьцярожваюцца вочы пад нiзкiмi, зусiм на лоб, шлёмамi. Лашчаць куркi аўтаматаў указальныя пальцы ў пальчатках.

Вырасла пры гасьцiнцы панурая сялянская сьцяна. Уся вёска, хiба за выняткам патрыярха Якуба ды некаторых нямоглых. Вёска маўчыць. Вiдовiшча настолькi няверагоднае, яно паралiжуе. Праўда, мiж палонных няма сваiх. Палякi моладзь на сваю вайну выцягалi, а бальшавiкi ня ўсьпелi рэшты падабраць. Вось яна магутная, няпераможная - твары двух кантынэнтаў. Гляньце, колькi вунь плоскiх ды касавокiх. А што яны? Ваявалi?

Сотнямi тысячаў, мiлiёнамi ў палон бяз выстралу. Напляваць на ледзянавокага-васпаватага. Думалася, што iншы дыктатар за зьненавiджанага свайго лепшы. Абы далей ад калгасаў-прыгону, ад забойчай рабаўнiчай працы ў хвабрыках. I бадай ня было мiж iмi нiводнага, якi ня страцiў-бы сваякоў у канцлягерах.

Грозна прыглядалася доўгаму чалавечаму вужу акалелая, голая, мясцамi зеленьню хвояў пераплятаная Гаравацкая пушча. Размашыста плылi над ёю цьмяныя хмары. Дзесь на сухастоiне на ўсю шырокую сваю зяпу марудна каркала варона. Скрыпеў пад нагамi канвойных лёгкi сьнег. Шуршэў-грымеў пад змучанай масай грунт гасьцiнцу. Напружвалiся павады на навучаных да нападу сабаках. Няпрыхiльныя вочы спад шлёмаў коўзалi па вясковым гурце.