Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 58

К Акула

"Свае ўчоныя людзi трэба".

Словы гэтыя глыбака ў Януковай памяцi заселi. Так. Сумлеву быць не магло. Без сваiх вучоных нiчога не здабудзецца, не наладзiцца, адно чужнiк будзе верхом на табе ехаць...

Нейкае дзiўнае адчуваньне. Навокал гучэлi галасы, якiя даўно пачуць хацелася й прыйшлi зьмены, пра якiя некалi марылася... "Беларусы, вас чакае зямля!"... "Уцякла жыда-бальшавiцкая хэўра й больш ня вернецца"... Цi-ж тут дзе хвальшывая нотка? Як гэта чуецца чалавек чадам цi iншай трасцай адурманены, якому паволi, паступова, тымчасам хаатычна праясьняецца ў галаве?

Гiсторыя Беларусi... Такi прадмет у галаве ня месьцiўся. Гэта ня тое, што, прыкладна, гiсторыя Польшчы цi Расеi. То былi вялiкiя i, як iх польскiя й расейскiя цiвуны выхвалялi, моцныя гаспадарствы. Але госторыя Беларусi? Калi яна, тая Беларусь, была? Курам, вiдавочна, такi прадмет на сьмех, выдумка нейкая нiкчэмная... Ну вядома, народ-жа жыў-быў, а значыцца...

Так разважаючы, Янук сябе ў тупiк загнаў. Цi-ж не апавядаў некалi стары дзед Якуб пра вялiкае паўстаньне Кастуся Калiоўскага, цi-ж ня сам ён, Янук, некалi магiлу паўстанцаў у Гаравацкай пушчы адкрыў? А калi народ жыў i за свае правы змагаўся, дык цi ня меў ён дзяржавы сваей? Янук прыгадаў, як некаторыя вучнi, пачуўшы пра прадмет гiсторыi Беларусi, спантанiчна разрагаталiся. Былi гэта ня нейкiя там мясцовыя "пшэкi" цi панкi, што адважылiся парог школы пераступiць, хоць напалоханымi зайцамi трымалiся. Рагаталi свае, дзецi пакрыўджанага народу сялянскага.

Нясумяшчальнасьць двух паняцьцёў - Беларусь i гiсторыя яе, як прадмет школьнае праграмы. Пра такое ня толькi ня думалася, але й iснаваньне такога школьнага прадмету не падазравалася. Чужнiкi быццам таўкачы ў ступе, заўсёды адно таўклi: вы - пагной для тых, што над вамi пануюць, вы - хамы да нiчога няздатныя, адно цяглавая сiла. Так з аднаго боку. А зь iншага цябе заўсёды вызвалялi, каб ты, - калгасная нiкчэмнасьць, або падаткамi й "культналогамi" аднаасобнiк прыгнечаны, - гадаваў, вырошчываў i цягнуў... Мяса - дзяржаве, малако - дзяржаве, яйкi - дзяржаве. Сабе - фiга! На полiўцы праз "шчасьлiвае жыцьцё" лындай. Палiтручая заедзь на "мiцiнгах" бясконцымi гутаркамi марыла, падганяла, заўсёды тое "вызваленьне", каб яно спарахнела, прыгадвала.

А гэтта во "вас чакае зямля", школы свае ў беларускай мове. Сяляне аднагалосна прывiталi вестку пра лiквiдацыю калгасаў. Ды тымчасам гэта адно пачаткi, а далей вiдаць будзе. Няўжо-ж i тут за прынадай бiзун? А мо й горш? Сяляне ўздыхнулi з палёгкай, падаткi куды меншыя...

Усё-ж, хто мог падазраваць, што iснуе гiсторыя Беларусi?

Сьмех...

Нясумяшчальнасьць!

Гiсторыя i Беларусь!

Згадвалiся першыя мамэнты асьведамленьня. Як яны казыталi, лашчылi, паднечвалi сэрца! Гэта ўжо на наступных лекцыях прыйшло. А пачатная лекцыя быццам цябе абухом па галаве!