Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 57

К Акула

- А ты-ж казаў мне некалi, што дзесяцiгодку скончыў? - пачаў Бахмач.

- Ты ўсяму верыш? Я хлусiў...

- Дык колькi ты клясаў там скончыў?

- Угадай.

- Ну ты-ж запiсаўся ў шосты. Дык як гэта разумець?

- Няма чаго рабiць...

Янук зiрнуў на Ўладзiмера й зьбянтэжыўся. Юнак жыў з маткай у тым самым доме, дзе iх некалi наведалi Бахмачы. Мацi ўладзiлася на працу ў кухнi пры вакзале й здавалася, што будучыню мела забясьпечаную, прынамся на блiжэйшую адлегласьць.

Калi Антось Дзяркач наказаў Януку ад Падгайскага, што пачнецца ў Гацях навука, юнак параiўся з бацькам i зь ягонага дазволу пайшоў пацiкавiцца "бiларускай" школай.

Пагалоскi пра беларускае школьнiцтва кружылi даўно. Пацьвердзiлi iх першыя беларускiя ластаўкi - газэты зь Менску. Стараньнямi агранома Падгайскага траплялi ў Гацi менскiя й вiленскiя беларускiя газэты. Дастава тымчасам, кульгала, пошта яшчэ не наладзiлася й газэты развозiлi беларускiя патрыёты саматугам. А з тых газэтаў можна было сёе-тое вымяркаваць пра намеры акупанта.

- Падгайскi казаў, каб ты ў школу йшоў. Нам свае ўчоныя людзi назарэз трэба, - навучаў Янука Дзяркач, перадаючы вестку пра пачатак школьных заняткаў.

- Гэта Падгайскi казаў, што свае ўчоныя людзi трэба?

- Няўжо-ж... А ты думаеш, ня трэба?

- Ну, ну, чаму-ж не...

- Дык што, пойдзiш?

- Нi знаю. З бацькам параюся.

- Думаiш, ня пусьцiць?

- Чаму-ж... Самадумам нi пайду.

Гэткiя Антосевы пытаньнi Янук лiчыў нармальнымi пасьля зблiжэньня зь iм i асаблiва тэй расправы iз Шпунтам у лясьнiчоўцы. Забегся да Дунi, каб перадаць навiну й падахвоцiць яе прадаўжаць навуку. Дзяўчыны ня было дома, цi не пабегла да Клавы, а бурклiвая мацi збыла яго паўсловам.

Вайна аддалялася на ўсход, а ўладу на занятых землях брала ў свае рукi цывiльная адмiнiстрацыяш. Як выбралася адтуль войска, апусьцеў на некаторы час i школьны будынак сямiгодкi. Але ненадоўга. Занялi яго чыгуначнiкi й працаўнiкi Тодт'а.

Галоўна дзякуючы Кастусю Падгайскаму, на войта Немцы згадзiлiся вызначыць руплiвага й разважнага Беларуса Адама Бабра. Як адным з найважнейшых i неадкладных заданьняў, новы войт зацiкавiўся асьветай. Зьвязаўся зь мясцовым беларускiм актывам, нямецкiмi ўладамi, а пасьля i зь беларускай управай раёну, дзе школьным iнспэктарам назначаны быў стары й здольны настаўнiк Барыс Воран, якi неўзабаве падтрымаў Бабра й памог адкрыць у Гацях сямiгодку. Праўда, галоўнай прычынай адвалокi былi нямецкiя чыгуначнiкi, што яшчэ ў школьным будынку гаспадарылi. Хутка й спраўна вырасьлi пры чыгунцы баракi й неўзабаве туды перабралiся Немцы. Нарэшце будынак школьны ў беларускiх руках апынуўся. Ды ён патрабаваў немалога рамонту. Каго просьбамi, а каго навет i пагрозамi, войт Бабёр мабiлiзаваў даволi мясцовых людзей i неўзабаве клясныя пакоi засьвяцiлi сьвежай вапнай, а школа зазьзяла чысьцiнёй.

Не хапала належных падручнiкаў, паперы, алавiкоў, чарнiла. На скорую руку не падбярэш квалiфiкаваных беларускiх настаўнiкаў з тых, што былi ўзгадаваныя акупантамi й асталiся на месцы. Як на дзiва, астаўся калiшнi дырэктар Якаўлеў, якi меў i адпаведныя квалiфiкацыi й надзвычайна ведаў беларускую мову. Быў беспартыйным пры бальшавiкох i спадзяваўся, што Немцы, якiя тымчасам сур'ёзна не зацiкавiлiся яго мiнулым, апрабуюць яго на дырэктарскую пазыцыю. Тымчасам Беларусы пакiнулi яго дырэктарам.