Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 59

К Акула

Апынуўся Янук у тым самым пакоi, дзе некалi падобны на сьвятара бальшавiк паходжаньне чалавека "от обезьяны" тлумачыў. За вакном добра знаёмая двухшляховая чыгунка, па якой некалi "доблiсная" ваеннае знарадзьдзе бесьперапынна на захад перакiдвала. Цяпер цягнiк iзь iншым ваенным знарадзьдзем, куды магутнейшым, сьпяшылi недзе пад Маскву. Воддаль, на машце, перад будынкам нямецкае палiцыi вецер то выпростваў, то скручваў сьцяг iз павуком-свастыкай. А на франтавой сьцяне кляснага пакою, над пагоняй, з рамак партрэту глядзеў чалавек з чорнымi вусiкамi пад носам, у шапцы з даўгiм, нiзка на лоб насунутым казырком i ў такiм-жа рудым мундзiры, як насiлi некаторыя нямецкiя ўраднiкi. Адно пазьней даведаўся Бахмач, што ня ўсе Немцы, а адно сябры Нацыянал Сацыялiстычнай Нямецкай Рабочай Партыi такiя мундзiры насiць мелi права.

Дзьверы адчынiлiся. Энэргiчным крокам у клясу ўвайшоў лысы, як калена, пуцаты ў твары, сярэдняга росту, у акулярах чалавек, апрануты ў даматканую сьвiтку, сiнiя порткi, напушчаныя на рудыя боты. Чалавек затрымаўся, зiрнуў на вучняў паўз верх рамы акуляраў, падняў уверх правую руку й голасным, цьвёрдым, амаль энтузiястычным голасам скажаў:

- Жыве Беларусь!

У агульнай маўклiнi пачулася хiхiканьне. Зь няўцямнасьцю зiрнуў на Янука двуродны брат Уладзiмер. Чалавек у даматканай сьвiтцы падыйшоў да стала й, пiльна ўглядаючыся ў вучняў, сказаў:

- Сядайце. Жыве Беларусь! Кажны дзень вы будзеце чуць такое прывiтаньне, замiж "добры дзень" ад настаўнiкаў сваiх. Ваш адказ - жыве! Я кажу: жыве Беларусь, а вы адказываеце - жыве! Зразумела?

Выразны, павольны, цьвёрды, зраўнаважаны голас. Паважны, зь ледзь заўважнай лагоднасьцю, твар.

- Прашу ўстаць!

Заскрыпелi лаўкi.

- Жыве Беларусь! - голасна i ўрачыста, выцягнуўшы наперад, на ўзровень iлба, даланёй унiз, правую руку, сказаў чалавек у даматканайа сьвiтцы. Пару вялых галасоў адказала - жыве!

- Ня чую!

- Жыве!

- Яшчэ мацней!

- Жыве!

- Сядайце!

Чалавек роўнамерным вайсковым крокам падыйшоў да вакна й спынiўся. Кляса сiдзела, быццам спаралiжаваная, а ён доўга пазiраў праз вакно. Па чыгунцы звольненым тэмпам кацiўся даўгi ланцуг плярформаў з панакрыванымi брызентам танкамi, гарматамi, грузавымi аўтамашынамi. Чалавек адыйшоў ад вакна, пачаў спацыраваць перад фронтам лавак.

- Тут на пярэдняй сьцяне, - кiўнуў галавой у бок сьцяны, - наш нацыянальны гэрб пагоня павiнен павiнен вiсець побач Гiтлера, а ня нiжэй яго. Няхай старшыня клясы падбае пра гэта.

Настаўнiк памаўчаў.

- Называюся Антон Сабалеўскi й буду выкладаць у вас гiсторыю Беларусi.

Настаўнiк уважна разглядаў твары вучняў, быццам запярэчаньня чакаў.

- Вы, калi будзеце да мяне зьвяртацца, то называйце мяне "спадар настаўнiк". Слова спадар адпавядае польскаму пан цi расейскаму гаспадзiн. Зразумела?

Усё гэта было надзвычайна новае. Вучнi пiльна слухалi.

- Ведаю, ведаю, - прадаўжаў Сабалеўскi, - што ў некаторых галовах вашых проста не зьмяшчаюцца побач сябе гэтыя два словы - гiсторыя Беларусi. Ад няпамятных часоў чужнiкi казалi нам, што мы не народ, што нiколi й нiчога ня мелi, што мусiм толькi на iх працаваць. I зусем зразумела: калi мы не народ, дык якая-ж тады ў нас гiсторыя... Але паслухайце, што сказаў вялiкi наш паэт Алесь Гарун: