Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 60

К Акула

А даўней Беларус непадданы

Гаспадарыў, быў сам над сабою,

I далёка у сьвеце быў знаны

За Лiтоўскай i Ляскай зямлёю.

Так яно й было. Беларусы самi на сваiх землях гаспадарылi. Спачатку мелi вялiкае Полацкае Княства, ды iншыя, а потым ужо й сваю магутную дзяржаву - Вялiкае Княства Лiтоўскае. Чужынцы, бязумоўна, ня толькi што скрывалi ад нас нашае слаўнае мiнулае, але калi гаварылi пра нас наагул дык толькi дзеля таго, каб нам, малаадукаваным, сваей мiнуўшчыны нясьведамым, убiць у галаву, што яны нам заўсёды дабро прыносiлi, што яны намi старанна апякавалiся, адзiн ад другога вызвалялi ды пра нашае дабро дбалi. Так, вызвалялi, апеквалiся...

У голасе Сабалеўскага пачуўся выразны сарказм.

- I вось, дарагiя мае, - пачаў, роўнамерным крокам ходзячы перад лаўкамi Сабалеўскi, - нам абавязкова трэба пазнаць, хто-ж мы ёсьць. Цi мы запраўды "хамы" й парабкi, нiжэйшыя iстоты, гной для росту чужынцаў, рабы паслухмяныя без нацыянальнае прошласьцi, свайго собскага "я", цi, наадварот, - мы - стары ў гiсторыi, слаўны народ, зь вялiкай i пакутлiвай, цяжка пройдзенай дарогай, са старой i багатай культурай, слаўнымi традыцыямi, але часова чужой брутальнай сiлай на каленi пастаўленыя, але не заламалiся яшчэ таму, бо ня гледячы на ўсялякае лiха, годнымi й непакорнымi ў сваiх душах i сэрцах засталiся. Так...

Вандруючы перад лаўкамi, Сабалеўскi схiлiў чало й перазь верх акуляраў уважна зрокам абвёў клясу. Хiхiканьне даўно прапала. На яго пазiралi сур'ёзныя, зацiкаўленыя, задуманыя юначыя твары.

- Нам трэба пазнаць, хто мы такiя, бо, - як сказаў нi раз i нi адзiн фiлёзаф, - каб ведаць куды йсьцi маеш, даведайся спачатку адкуль ты i як прыйшоў. I таму, дарагiя мае, мы й даведаемся адкуль прыйшоў наш народ. Супольна павандруем у далёкую мiнуўшчыну i адтуль, ад карэньня, праверым зь якое глебы расьце нашае нацыянальнае дрэва. А падарозе, вандруючы, правяраючы, распытваючы, параўноўваць будзем праўдзiвыя гiстарычныя факты iз тымi, што ўбiвалi нам у галаву чужынцы. Толькi тады, шляхам праверкi й параўнаньня, мы нашу родную, дарагую нам, праўду знойдзем.

- Такiм чынам перш за ўсё даведаемся, што з асноўных трох плямёнаў, Крывiчоў, Дрыгавiчоў i Радзiмiчаў, злажыўся на працягу стагодзьдзяў наш народ i што першым нашым магутным гаспадарствам было Полацкае Княства, з калыскай нашай дзяржавы ў недалёкiм ад нас i слаўным горадзе Полацку. Пазнаем мы падарозе князёў полацкiх ды вялiкую жанчыну, слаўную палачанку, асьветнiцу й патронку Беларусi, сьвятую Афрасiньню Полацкую.

- Мы заглянем у Наваградак, стары й ведамы горад у цэнтры нашае зямлi й першую сталiцу Вялiкага Княства Лiтоўскага. У ходзе навукi пра Вялiкае Княства Лiтоўскае мы пазнаем, - што Лiцьвiны цi Лiтоўцы гэта i ёсьць мы, пазьней чужнiкамi Беларусамi празваныя, а ня тыя каторыя сяньня сябе Лiтоўцамi, а краiну сваю Лiтвой называюць. Яны былi й ёсьць Жмудзiны, Жамойцы, а паiхнаму - Жэмайцiсы. Такiмi былi яны ад веку, а назоў наш гiстарычны - Лiтва, прысабечылi сабе зусiм нядаўна, а гэта пасьля таго, як народ наш страцiў сваю незалежную дзяржаву ў 1919-ым годзе.