Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 56

К Акула

Зачырванелы, Янук ляжаў плячмi на траве. Ня сьцiхалi малаточкi ў скронях i яшчэ трымала млявасьць ля каленяў. Спачатку без развагаi, ледзь ня кiнуўся за дзяўчынай, але стрымаўся. Дарма. Яе не дагонiш.

Там высака, над верхавiнамi бярозаў i хвояў зацягвала хмарамi неба. Парыла. Пахла мятай i аерам. Над Глыбокiм, суправоджаныя раскацiстым громам, мiльгалi маланкi. Тут, зусiм над iм, расставiўшы ногi, у поўнай сваей пышнасьцi стаяла Дуня. Прыскорана варушылiся пад мяккiм шоўкам грудзi, чырваньню налiўся твар i не пачалi яшчэ стынуць цалункам разагрэтыя пунсовыя прыадчыненыя вусны. Як нiколi ў жыцьцi, уважна ўглядаўся ў яе Янук, проста ўпiваў у памяць самыя нязначныя драбнiцы. Прыкладна гэна пасма валосаў, што наўскасяк апусьцiлася пераз левае вока. Яно, - зiрнеце самi, - дадае "васковай русалцы" нейкай прынаднасьцi, заманьвае вас, спакушае.

Калi-б ведаў Янук якiх прыгажуняў з палотнаў сусьветных цi хаця-б i сваiх мастакоў, пэўне-ж знайшоў-бы нейкае, адпаведнае Дунi, параўнаньне. Яна такая блiзкая й зусiм недасяжная. Рэальнасьць i ўява. Дурман юрлiвасьцi адходзiў, думкi ясьнелi. Верх брала злосьць.

- Чаго зводзiш? - шорсткiм голасам спытаў хлапец.

Дзяўчына цiха ўсьмiхалася. Быццам пышны матыль на цудоўнай кветцы. Насалоджвайся зрокам, але не чапай. Выцягнеш руку - пырхне й зьнiкне.

- Пытаюся, чаму зводзiш?

- Янучок, я-ж цябе люблю... Цi ты нi знаў?

Самае горшае, - магчымасьць зусiм ня выключаная, - што Дуня зь яго кепiкi строiць. Зашчымела сэрца. Як праверыш, цi яна жартавала цi запраўды яго любiла? I ня мог далей пазiраць у васiльковыя вочы. Ня было сумлеву, што моцна яе кахаў.

Устаў. Спасьцярогшы ў Януковым твары перамену, дзяўчына чакала, маўклiва пазiраючы на яго. Янук узяў Дуню за руку, перайшлi рэчку, дзе хлапец забраў сiратлiвы мiж зеленi кужэльны мяшочак з соляй. I доўга маўчалi падарозе дамоў.

12

У лянiвы, сонечны васеньнi дзень, адзiн з тых, пра якiя адвечна з натхненьнем сьпяваюць паэты, станцыя Гацi пульсавала буйным, гулкiм жыцьцём. Цягнiкi з ваеннымi матар'яламi й жаўнерамi сьпяшылi на ўсход, дзесьцi на той пераможны, як гарлапанiла радыё, фронт пад Масквою. А ля чыгуначнага пад'езду, дзе ад бамбардаваньня цэлым i непашкоджаным захаваўся стары склад, завозна было ад сялянскiх вазоў. Там, - гэта бачыў Янук, - звозiлi людзi па загаду новых гаспадароў збожжа. Падаткi... Лягчэйшыя, значыцца колькасна куды меншыя, чымся падчас панаваньня таго ўсходняга маскоўскага "вызвольнiка". I збожжа, мабыць, ссыпалася ў вагоны й ехала на захад.

З будынку школы шнурам высыпалi дзецi i юнакi. Янук паволi йшоў побач свайго двуроднага брата Ўладзiмера й шкадаваў, што няма побач Дунi. I мяркаваў, якой-бы гэта тэмай раскатурхаць гэтага маўклiвага юнака.