Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 55

К Акула

Хлапца, што быццам прачнуўся ад чароўнага сну, салодкiх мастацкiх падарожжаў, сустрэла ўцелаўленьне "вясковае русалкi": скакуха-рагатуха. залiваючыся гулкiм сьмехам, набiрала зноў у прыгоршчы вады ды, добра прыцэлiўшыся, яшчэ раз плёхнула ў налiты румянцам Янукоў твар.

- Ах ты, жаба, я-ж табе пакажу!

Забыўшыся пра той скарб солi ў торбачцы, Янук раптоўна скочыў у рэчку. Макатунiшка, як сарна, шмыгнула ў зарасьнiкi на процiлеглым баку, суправодзячы свае ўцёкi гулкiм сьмехам i пiскам. "Жабу" нялёгка было знайсьцi, а яшчэ цяжэй злавiць. Ведаў Янук ейную паваротлiвасьць i вынаходлiвасьць. Дзiва няма, што неўзабаве дзяўчыну страцiў. Спынiўся, заклапочана калупаў у носе, прыслухоўваўся дрыжэньню й дыханьню лесу, вакол сябе разглядаўся. Мяркаваў, што неўзабаве, як тыгрыца, скоча на яго "вясковая русалка", пазводзiць, прынадзiць, каб яму, чырвонаму ад сораму й нязручнасьцi, яшчэ больш запякло i ў сэрцы заскрабло.

Ззаду дзьве рукi аблапiлi шыю i ў той-жа момант войстры штуршок падбiў правае калена, а ўжо ў наступную часiну хлапец ляжаў на траве. Рагатлiвы голас, iз гарачым дыханьнем ля правага вуха, зьдзекваўся: - Ага, даганяў i даганяў, аж пакуль я цябе злавiла! Ха-ха-ха! Я-ж табе цяпер пакажу!

Ашчаперыўшы яго ззаду, яна прыцiснула хлапца да густое гэтта й мяккае, як шоўк, травы. Адылi тое нядоўга трывала. Спрыт - адно, а сiла - iншае. Янук лёгка разлучыў Дунiны рукi, ашчаперыў яе i неўзабаве дзяўчына пад iм апынулася.

- Даруй, мiленькi, да душы, ня буду! - сьвяцiлiся шчырасьцю гарэзьлiвыя вочкi. - Я нi такая благая, як ты думаеш. Ня буду, Янучок, выбачай!

Такая непасрэднасьць бянтэжыла. Юнак мала разумеў дзявочыя шыканы. Дый Дуня, якая-ж там зь яе дзеўка? Падлётак. Дык што гэта? Гарэзьлiвасьць цi шчырасьць? Мусiць юрлiвасьць, пра якую нiколi ня думалася, замiнала думаць. Дый дзе там рацыянальна думаць будзеш, калi побач такая прынада-спакуса ляжыць: запрашальна прыадчыненыя вусенкi, жыўчыкi аганькi ў вачанятах танцуцюць.

Янук няўклюдна агарнуў рукой дзявочы стан ды прагавiта прылёг да сакавiтых вуснаў. Дунiн роцiк разьмяк, гарэньнем i пажаданьнем суцэльна зь ягоным зьлiўся. У лесе спынiлася, замерла ўсё жыцьцё. Iм, маладым, у цалунку злучаным, прыглядалася й зайздросьцiла, мабыць, уся прырода.

Паскорылi тэмпа малаточкi ў скронях, аслаблi каленi. Салодыч цягнула, паглынала, у вiр ненасытнасьцi валачыла. "Вясковая русалка" пружынiлася, вiлася ля яго й вакол яго, зручна выштурхнулася спад юнака i ўжо наверсе была, выцягваючы зь яго, здавалася, рэшткi энэргii. Нейкiм чынам рука Янукова завандравала ў тое месца, дзе, згодна ранейшага Януковага ўяўленьня, гнуткi русалчын хвост з рэальнай Дуняй меў злучацца. I тады, калi прагавiта й ненасытна, ледзь не да страты прытомнасьцi ўпiваўся Янук у Дунiны вусны, калi забракла паветра, дзяўчына зручна адштурхнула яго, адскочыла i ўжо стаяла на нагах.