Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 37

К Акула

- Антось, гэта праўда, што лясьнiкову хату быў нехта за саветаў падпалiў? - спытаў Янук Антося.

- Праўда.

- А яна ўся згарэла?

- Ды не, саўсiм мала...

- I як яна цяперака?

- Абгледзiлi абгарэлую, ну й стаiць, жыць можна. Дый там-жа адрына збоку.

- А ты Лявона там вiдзiў?

- Ды не. А чаму?

- А калi ты яго там ня вiдзiў, дык адкуль знаiш, што ён тамака?

- Знаю.

- Табе нехта сказаў, мусiць.

- Ты, Янук, як замнога будзiш ведаць то скора старым станеш, - жартаваў Антось.

Iшлi ўжо з паўгадзiны. Агнiстымi палосамi сонца прабiвалася праз густыя шапкi хвояў, то блыталася ў пышных каронах дубоў, або ласкала вярхi стройных, высокiх бярозаў. Янук, па прывычцы сваей, азiраўся цi дзе якiя грыбы ёсьць, а Антось Дзяркач iшоў маўклiва, часамi спыняўся, прыслухоўваўся, ды часта сваю торбу гладзiў. Яны пайшлi ад таго скрыжаваньня на левы бок, па нейкiм часе скруцiлi направа на лясную сьцежку, а цяпер вось Антось, як выглядала, трымаў нацянькi да тае лясьнiчоўкi. Безь яго помачы, вiдаць, Янук мог-бы згубiцца.

- Што ты, Антось, у торбе нясеш? - спытаў юнак.

Дзяцюк нiчога не адказаў, адно скоса на хлопца зiрнуў.

- Можа ты Лявону абед нясеш? - пажартаваў Бахмач.

Антось маўчаў. Выйшлi з густых высокiх дрэваў. Перад iмi меншыя кусты дабягалi да чаротаў, сiтнiку, асакi, што расьлi над ручаём. На другiм баку яго лес падымаўся ўверх i там, - гэта памятаў Янук, - дзесь на шапцы сугра, якi людзi называлi Рыжай Валатоўкай, знаходзiлася лясьнiчоўка.

- Трэба, мусiць, штаны падкасiць, - раiў Антось.

Праз аер i чароты яны спусьцiлiся да ручая, якi тут лянiва рухаўся, каб дзесьцi далей папоўнiць воды Бярэзiны. Прыемна пах аер, над вадой тырчэлi стракозы, хутка коўзалiся па вадзе чорныя конiкi. Добра асьвяжылiся падбiтыя ўжо ногi. Янук зачарпнуў у далонi вады, лiнуў ёю ў твар. Сонца пякло зьверху.

- Можа пакупаемся, га, Антось? - спытаў Бахмач.

Дзяцюк, што йшоў сьпераду, зiрнуў пераз плячо, усьмiхнуўся.

- Ням калi. Нас вунь чалавек чакаiць.

- Гэта хто?

- Лявон, хто-ж...

- А ён ведаiць, што мы прыйдзем?

Антось гучна зарагатаў.

- Ого, каб ведаў... Ён-бы пад зямлю схаваўся.

Падыходзячы да Рыжае Валатоўкi, запаволiлi кроку. Як хiтры лiс, Антось разглядаўся, здавалася, што нюхаў. I чамусьцi трымаўся воддаль ад утоптанай сьцежкi.

- Чаму мы па сьцежцы ня йдзём? Яна-ж нас да самай хаты давяла-бы, пацiкавiўся Янук.

- Вiдзiш, якi ты зялёны, як ты нiчога нi думаеш. А ты пра Шпуньцiху забыўся? Ну а як мы яе на сьцежцы лоб у лоб стрэнем, то тады што будзiць, га? А яна можа ўжо там iз сынам наседзiцца дый зараз варочацца будзiць... Трэба-ж думаць.

Але Антосева асьцярожнасьць не спатрэбiлася. Ня ўбачылi яны на дарозе жоўтай хусткi, ня сустрэлi нiкога iншага.

- Сьцеражонага й Бог сьцеражэць, - паясьнiў яшчэ раз Антось. - Цiха, памалу. Хадзi во сюды, вiдзiш вунь там бляшаную страху? Гэта й будзiць лясьнiчоўка.