Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 39

К Акула

- Кiдай, сукiн сын! Зараз-жа, бо застрэлю!

Валадарны Антосеў голас з нутра хаты не пакiдаў нi якага сумлеву, што дзяцюк не жартуе. Нешта бразнула аб падлогу.

- Янук, дзе ты? Бяжы сюды!

Бахмач убег у абшырны пакой, дзе з правага боку пабачыў Антося з наганам у руцэ. Ён, вiдаць, страляў з кукiшак, а цяпер падымаўся на ногi. У куце, налева, стаяў Лявон Шппунт. Перад iм на падлозе ляжала стрэльба. З правага пляча, вышэй локця, праз кашулю цякла кроў. Бледны, раськiданыя даўгiя блёнд валосы, аброслы рыжай барадой, зь перапалоху зьзяючыя бочы. Янук прыгадваў як бачыў дзяцюка апошнi раз: выдатна адпасенае круглае рыла, упэўненасьць, на твары капрызная нахабнасьць. Шпунт пахудзеў, дрыжэла ў яго нiжняя вусьнiна, якраз так, - гэта добра памятаў Янук, - як некалi пры гэнай браме на гасьцiнцы, дзе Палякi павесiлi Параску Макатунiшку. Апрануты быў у шэрую крамную кашулю, чорныя суконныя порткi навыпуск з прыгожых боцiкаў, бяз сумлеву "трафейных" зь нейкае кучы, дзе "грабiлi награбленае".

На покуцi пакою разьмясьцiўся малы стол i два крэслы. Зь iншага боку стаяла нiзкая, шэрая зялезная печка, адна з тых, якiя некалi маглi купiць багацейшыя за сялянаў панкi. Тут-жа непадалёк прысуседзiлася шафа iз шклянымi дзьвярмi, усярэдзiне перапоўненая пасудай. Непадалёк печкi шарэла на бярозавай калодзе цынкавае вядро, побач яго цэбрык, а на палiцах на сьцяне каструлi й збаны. На стале ляжаў пачаты бохан сьвежага хлеба, сала на талерцы, стаяў малы гладыш з малаком. Харчы гэтыя, вiдаць, прынесла Шпуньцiха. Праз адчыненыя ў другi пакой налева дзьверы вiдаць было добра асьвечанае сонцам вакно. Пры сьцяне стаяла выгадная, скураная канапа, а на падлозе перад ёй ляжаў даматканы палавiк. Iзь сьцяны пазiрала вялiкая, рагатая ласёва галава.

- Янук, падымi стрэльбу! - загадаў Антось.

Янук нясьмела рушыў да Шпунта.

- Сьмялей, сьмялей! Гэты клоп, каб на яго агонь, цяперака табе нiчога ня зробiць.

Янук падняў стрэльбу. Выдалася яна цяжэйшай, чымся думаў. Нiколi раней ня трымаў у руках зброi. Антось падыйшоў да стала, падцягнуў крэсла, сеў побач Антося ды запытальна пазiраў то на яго, то на Лявона. Дзяцюк дрыжэў у каленях, намагаўся закасаць правае рукаво, што зачырванелася нiжэй пляча.

- От, цяпер, Янучок, братка мой, - адсапнуўся Дзяркач, - вiдзiш каго гэта мы злавiлi. Гэта ня ёсьць нейкi просты сабе, цяглавiты, працавiты, пабожны, добры вясковы дзяцюк. Так, цi не? Гэта ня ёсьць такi, што слухае бацькоў, ходзiць у царкву, верыць у Бога, любiць на нiве сваей за плугам цi бараной папацець, цi касой добра памахаць. Не, гэта ня той рупны, працавiты, паслухмяны бацькаў сын, як у нас многа ёсьцiка. Праўду кажу, цi не?

Трымаючы перад сабой накiраваны проста на Лявона наган, зь вельмi сур'ёзнай мiнай, Антось зiрнуў на Янука, мiргнуў левым вокам. Голас паважны, ледзь-ледзь жартаўлiвы, мо такi, якiм-бы дасьцiпны бацька вучыў сына пагаспадарску жыць.