Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 38

К Акула

Крытая чырвонай бляхай хата ў засенi пышных лiпаў, пабудаваная з круглага бярвеньня, прыплюшчылася абсмаленым, забiтым дошкамi, вакном на зарослы пырнiкам, лебядой i крапiвой двор, калi так льга назваць вольнае ад дрэваў лапiкла зямлi сьпераду. Ля тыну буйнеў хмель. Другое вакно хаты скардзiлася голымi рамкамi й аднэй адарванай, што наўскасяк, на аднэй завесе трымалася, аканiцай.

Шэрая, укапаная ў зямлю цыстэрна, лавiла ваду маленькага, крынiчнага ручайка, хлюпала гэтай вадой перазь берагi зьверху. Некалi памаляваныя вапнай, цяпер шэрыя сьцены хавалiся за густым сланечнiкам. Вузкая лясная дарога зьзяла адтулiнай у сьцяне лесу з другога боку двара, а адрына воддаль ад хаты на гэны бок замыкала гэты запушчаны, асiрацелы лясьнiчы ансамбль. I яшчэ нейкай недарэчнасьцю тарчэў мэтраў сотню цi больш адсюль на пахiласьцi ўзгорка шкялет нявысокай вежы. Калiсьцi, вiдаць, сачылi зь яе за навакольнай пушчай, пажарамi.

- Зайдзем ззаду, - сказаў Антось.

- А дзе тут зад, а дзе перад?

- Дзьверы ў хату з гэнага боку. Нам трэба падыйсьцi, дзе гушча лесу падкрадаецца пад самую сьцяну, каб, калi хто паглядае празь якую дзiрку, ня ўвiдзiў нас.

З другога боку спасьцераглi цэлае, дошкамi незабiтае, зашклёнае вакно. Антось борзда скочыў некалькi крокаў направа ды, махнуўшы Януку рукой, прысеў за густым i высокiм кустом арэшнiку. Вялiкi шэры заяц выбег з-за кута хаты й паволi прысеў ля сьцяны, наставiў вушы, разглядаўся. Януку карцiла скочыць i, пакуль той спасьцеражэ, схапiць яго за вушы. Антось, палажыўшы ўказальны карэлы палец на вусны, з усьмешкай зiрнуў на Янука.

- Ш-ш-ш-ш!

Ён узяў спад ног сухую галiнку й кiнуў на зайца. Спалоханы, той шмыгнуў за кут хаты. У лесе гаманiлi птушкi, дзесь воддаль у кiрунку Гацяў ледзль чутна гукнулi два стрэлы.

- Чуеш?

- Што? - зiрнуў Янук на Антося.

- Нехта ў хаце бубнiць.

Прыслухаўшыся, Янук адрозьнiў людзкiя галасы ад птушынай шчабятнi.

- Ага, чую, - адказаў.

- Памарудзiм яшчо. Нiхай Шпунльцiха пойдзiць. Ён гэттака, басяк.

Чакаць давялося нядоўга. З-за хаты паказалася жоўтая, у чырвоныя краскi, хустка. З кошыкам у руцэ, жанчына спакойна валюхалася па сьцежцы. Не разглядалася. Праз густую шапку кароны дрэва на зморшчаны твар упаў слуп сьвятла й тады здалося Януку, што ўбачыў пад вачмi сьлёзы. I зьдзiвiўся, што i ў басяка злачынцы Лявона ёсьць матка, каторая i сьлязу па iм калi-небудзь пусьцiць i якая, пэўне-ж, любiць яго мо больш за ўсiх на сьвеце.

Антось устаў, усадзiў правую руку глыбака ў торбу.

- Iдзём. Цяперака ён наш!

Цiханька падыйшлi да дзьвярэй i Антось асьцярожна нацiснуў клямку, але дзьверы не адчынiлiся. Дзяркач зiрнуў на Янука.

- Стань набок, за вушак!

З Антосевай торбы, якую цэлы час нёс, перавесiўшы пераз правае плячо, паказалася цяпер дзяцюкова правая рука, а ў ёй рэвальвэр з барабанчыкам, якраз такi, як некалi насiлi ў кабурах энкавудысты. А пасьля ўсё сталася маланкава хутка. Правым чаравiком Антось гвалтоўна стукнуў у дзьверы. Мiгам адляцела ўнутры зашчалка й дзьверы шырака адчынiлiся. Прыгнуўшыся, Антось нурцом кiнуўся ў хату. I гэтта-ж зараз грымнуў гулкi стрэл.