Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 34

К Акула

Янук падазраваў, што дзесь у пушчы скрываецца аб'ект ягных пошукаў. Думка падбадзёрыла. Трэба абавязкова йсьцi ў троп жанчыне, якнайбольш асьцярожна, каб, баранi Божа, ня ўгледзiла яго. Зь iншага боку паўставалi сумлевы. Няўжо-ж матка асьмелiлася несьцi сыну ў белы дзень харчы? Цi-ж ня ведала небясьпекi? Цi ня лепш было пайсьцi зьмярканьнем, каб бясьпечней ад вока людзкога непажаданага скрыцца? А калi ў белы дзень рызыкавала, дык цi ня было на гэта важнае прычыны?

Як-бы там ня было, Янук пастанавiў усьлед Шпуньцiсе йсьцi. Знайшоўшы, як яму здавалася, Лявонаў троп, ня мог-бы сабе пасьля дараваць, калi-б зараз яго страцiў. Хмызьняк ля Гараваткi неўзабаве скончыўся. Гэтта хутар калiшняга асаднiка Лазоўскага клiнам лугу ўразаўся пад гасьцiнец. Шпуньцiха мецiла праз ладна памяльчэўшую цяпер канаву на адкрыты луг i Янук, прытаiўшыся за кустом, мяркаваў што далей рабiць: цi рызыкнуць i паказацца на чыстым лузе, цi абабегчы гасьцiнцам, дзе захiнуць яго прысады. Доўга не марудзячы, ён накiраваўся на гасьцiнец.

На калiшнiм хутары Лазоўскага, якi так добра ведаў Янук, цяпер пасьвiлiся вясковыя каровы. Некаторыя лiтоўскiя сяляне карысталi з надыходу новае ўлады, выганялi туды свой статак. А ў хаце Лазоўскага жыў калiшнi ягоны парабок Яўхiм. Падчас савецкае акупацыi хутар быў далучаны да лiпавiцкага саўгасу.

Дзесь далёка, над Слабадой, пачуўся гул. Вiдаць, там яшчэ сядзелi й адтуль падымалiся нямецкiя самалёты, хоць цяпер ужо куды радзей. Янук ужо бег гасьцiнцам i спасьцярог, што жоўтая, у краскi, хутка схавалася на ўзьлесьсi Гаравацкае пушчы. Цяпер трэба было як мага сьпяшыць, каб ня страцiць з вока Шпуньцiхi ў вялiзным лесе. Iшоў у сьлед жанчыне, асьцерагаючыся. Там дзе гасьцiнец бег проста, чакаў пакуль схаваецца яна за паваротам, тады сьпяшыў, бегучы побач гасьцiнцу, каб найскарэй дабегчы да наступнага павароту. Янук ведаў гэты гасьцiнец даволi добра, хоць ня так, як тую ўходжаную сьцежку, якую школьнымi гадамi ў Гацях пазнаў - кажную драбнiцу, кажны папярэчны корань патарчаку, кожны куст цi камень.

Дайшоў да месца, дзе вузкая лясная дарога перацiнала гасьцiнец. Гэтта стаяў нявысокi прыдарожны крыж. Крыху, вiдаць, падгнiў, пахiлiўся, зялёным мохам абрасла ягоная драўляная шапка-дах. Пачарнела нейкiм мясцовым разьбяром выразаная выразаная з дрэва фiгурка Збавiцеля з абсохлым вянком васiлькоў на галаве. Адломаная левая рука зьвiсала зь iржавага цьвiка.

Дзесь у верхавiне сухастоiны грукаў дзяцел. Спынiўшыся ля крыжа, Янук мяркаваў, цi перажагнацца, але паднятая напалову правая рука апусьцiлася, вочы прабеглi па простым гасьцiнцы i ў iх паказалася рашчараваньне. Дзесьцi зьнiкла жоўтая, у чырвоныя краскi, хустка. Ня вiдаць яе было i ў пралётах да паваротаў лясное дарогi. Ня ведаючы, куды кiнуцца, затурбаваны не на жарты Янук топаў на месцы, войстра ўзiраючыся ў фiгурку Збавiцеля, быццам адтуль адказу чакаў. I чаму-ж не падумаў ён пра гэта скрыжаваньне? Куды цяпер кiнуцца? Як мага сiлаў падбег ён у правы бок, паўзiраўся, пастаяў i зараз-жа рынуўся ў левы бок. Засопшыся, вярнуўся на скрыжаваньне, разважаў што рабiць далей. Не магла-ж Шпуньцiха гэтак скора прайсьцi даўгога й роўнага пралёту гасьцiнцу наперад. Значыцца пайшла налева або направа. Але куды?