Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 33

К Акула

I думаў яшчэ Янук, што, каб асачыць Лявона Шпунта, цi мэтазгодна адно спад дуба Архiпа Шпунтовай гаспадарцы прыглядацца? Можа трэба куды пайсьцi, каго распытацца, а можа навет як-небудзь улезьцi да Шпунтоў у хату цi гумно, праверыць, цi Лявон дзе на гарышчым прыкладам, ня скрываецца? Гэткiя думкi не давалi Януку супакою, але ўсё-ж ня мог наважыцца на што iншае, чымся тое, што раiў яму Антось. А ён i параiў спачатку пасядзець пад дубам, зводдаль за Шпунтовай гаспадаркай паназiраць.

Сабака Жэўжык тузануўся на прывязi, запiшчэў. Янук спасьцярог Шпуньцiху з вузялком у руцэ, а ў другой трымала кошык. Сабаку, вiдаць, рупiла разам з гаспадыняй у дарогу. Жанчына пагладзiла яго, сказала нешта ласкальнае ды, разглядаючыся навокал, адчынiла доўгiя, скрыпучыя вароты ў гумно. Затрымалася, яшчэ раз разглянулася. Здавалася Януку, што надта ўважна пазiрала ў ягоны бок, але быў пэўны, што не магла, калi-б спасьцерагла яго пад дубам, пазнаць з такой адлегласьцi. Хлапец яшчэ шчыльней прытулiўся да камля гiганта й уважна сачыў жанчыну з вузялком у аднэй i кошыкам у другой руцэ. Пастаяўшы ля варот, яна паволi, валюхаючыся на бакi, пайшла пад гумно. Сабака плаксьлiвым голасам гаўкаў на ланцугу.

Калi Шпуньцiха, ужо не аглядаючыся ў ягоны бок, схавалася за казырком павецi, Бахмач раптоўна падняўся й бегам кiнуўся пад гумно. Наглядаючы за дворам, каб стары Шпунт яго не спасьцярог, ён хутка прыблiзiўся, сагнуўшыся ў рослым аўсе, да задняй сьцяны гумна й прысеў на кукiшкi ды слухаў. Малiньнiк цяпер хаваў яго ад людзкога вока. У гумне сакатала курыца. Ня чуваць было людзкiх галасоў. Янук ведаў, што Шпунтова гумно стаiць асобна, ня злучанае зь нiякiм будынкам. Праз шчылiну зазiрнуў у сярэдзiну.

З другога боку прасьвечвалiся шчылiны ў вялiкiх дзьвярох, праз падваротню ўлезьлi ў сярэдзiну яшчэ дзьве курыцы, i адна - не, гэта быў певень, - ён гнаўся за курыцай, якая, вiдаць, была неахвотная да любошчаў. У куце стаякла сячкарня, а ў iншым палавiна кладнi была заваленая сенам. Нi сьледу Шпуньцiхi, нi Лявона. Янук кiнуўся за кут гумна й тады, хутка разглядаючыся, спасьцярог вытаптаную сьцежку празь мяжу ў жыце. I здавалася, што далей мiльганула жоўтая, у дробныя чырвоныя красачкi, хусьцiнка. Асьцярожна, сочачы, каб Шпуньцiха яго не заўважыла, прыгiнаючыся мiж жыта, юнак рушыў усьлед. Сумлеву ня было. Дайшоўшы да канца жытняе нiвы, жанчына спынiлася, разглянулася, перавязала хусьцiнку на галаве, а тады сагнулася над кошыкам, паставiўшы яго на траве. Вузялок с правае рукi палажыла ў кошык, закрыла вечка й пайшла нiжэй Гараваткi, хмызьнякамi, у бок Гаравацкае пушчы. Хто-б яе цяпер пабачыў, падумаў-бы, што ў лес па малiны цi што выправiлася.