Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 32

К Акула

Антосеў твар спахмурнеў. Здалося Бахмачу, што гэта той, калiшнi Дзяркач, што зараз-жа, бяз цырымонii, возьме цябе за галёнкуй швырне ўбок. Але Янук памылiўся.

- Ну ты ня сьмейся зь мяне, - мiльганула грымаса на Антосевым, твары. Я ўжо хадзiў. Сказалi, што нiма й нi знаюць дзе ён...

- I ты iм паверыў?

- Ды не. Хлусяць.

Янук уважна глянуў на Антося. Дзяцюк пазiраў на яго бязь хiтрасьцi, як добры сябра цi брат. Хлапец ня сумляваўся, што Антось запраўды патрабаваў ягонае помачы. А калi так, дык як-жа адмовiцца? Ён нагнуўся й сарваў у жыце кветку васiлька. Не сьпяшыў з адказам, абрываў з васiлька пялёсткi. Дзесьцi непадалёк узьляцеў i зазьвiнеў жаўранак

- Што ты хочаш, каб я зрабiў? - зiрнуў Янук Антосю ў вочы. - Дый ты-ж знаеш, што я бацьку мушу на полi памагаць. Дык як з гэтым?

- Ты нi бядуй. Я з бацькам пагавару i яму адраблю, як трэба. У мяне таксама праца на полi чакаiць. Але гэта работа першая. Дзень, два, i мы яго, басяка, зловiм. А тады...

- Што тады?

- Увiдзiш...

Найлепш сачыць Шпунтову гаспадарку было з Гараваткi. Калi чаго ня вiдаць спад дуба Архiпа, можна было няпрыкметна, каб ня трапiць на вока iз Шпунтовае хаты, абыйсьцi навокал на супрацьлеглы канец сугра й адтуль прыглядацца. Янук вось цяпер i мяркаваў, цi не пайсьцi ў той бок паўз пахiлены, шашалем паточаны крыж i знайсьцi iншы назiральны пункт. Адылi, рашыўшы, што "абое - рабое", прадаўжаў сядзець пад Архiпам. Антось прасiў яго, каб спасьцярог i пасьля пераказаў яму пра ўсялякую актыўнасьць вакол Шпунтовае гаспадаркi, няхай сабе, на ягоны погляд, няважную, нязначную, маленькую, дый ня толькi дзеяньнi людзей, але, прыкладам, i сабакi: калi й на каго забрахаў, ля каго ацiраўся, цi навет куды пабег. Антось, вiдаць, мяркаваў, шро сабака можа зрадзiць сховiшча Лявонава.

Нiколi раней ня меў Янук такога паважнага заданьня. Але, каб здабыць для Антося якiя-небудзь iнфармацыi, трэба было быць надзвычайна ўважлiвым. Канкрэтна, зусiм нельга было дазволiць, каб увага твая адбегла ў якi-небудзь iншы бок, каб праваронiў якую-небудзь дробязь, што можа аказацца для Антося надзвычайна важнай.

Седзячы пад дубам Архiпам, Янук хутка ўсьведамiў, што сачыць ня было так лёгка. Думкi несьлi яго ад Шпунтовай гаспадаркi. Прыйшла вайна, было пра што думаць. А вунь лёгка-блакiтнае, зь вясёлай усьмешкай неба раськiнулася гэт за далёкую, iмглiстую йстужку Гаравацкае пушчы. Сонца ўжо добра паднялося, ападала раньняя раса й надыходзiла дзённая сьпёка.

Навокал Шпунтовае гаспадаркi нiчога асаблiвага не адбывалася. Стары Шпунт хадзiў па ваду, Шпуньцiха даiла карову, накармiла сьвiньчо, кышкала на курэй, паiла цяля. Шпунт наважаў на поля каня, спутаў яго, пастаяў, паразглядаўся, пусьцiў карову ў загарадзь. Перастаў дымiць комiн i на некаторы час ацiхла. Сьнедалi, вiдаць. А дзе мог быць Лявон?

Януку надта хацелася натрапiць на Лявонаў сьлед, прыслужыцца Антосю. Дый сам Янук за зьдзекi над бацькам на Лявона злаваў. У вушах гучэлi Дзеркачовы словы: "ты i я - добрая пара. Прыдзiцца нам многа чаго рабiць разам." Янук добра ведаў, што Антось слоў на вецер ня кiдаў. Ведама-ж, памятаў Янук яго як калiшняга вясковага гарэзу, што дзеўкам праходу не даваў i з усiх iншых пакпiць любiў. Але што iншае, калi Антось гаварыў сур'ёзна, так як учора да яго. I прачынаўся тады ў Януку прыгоднiк, якому шмат чаго бачыць, перажыць на гэтым сьвеце хацелася. Да гэтага-ж часу нiкуды надта ад дому не адлучаўся. А цяпер, вайной, магчыма й адлучыцца ад роднай хаты.