Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 219

К Акула

- Я, братка, пайшоў-бы, але трэба й палiцыю ў нашых руках дзяржаць. А ў армiю, калi спатрэбiцца, усьпею. Цяпер во клiчуць людзей, а тых, што ўжо набралi, таксама, чую, дзяржаць, няма зброi. А калi й ёсьць, якая, дык цi то бальшавiцкая, цi нiякая... Каб армiя была сiльная, дык трэба i артылерыя, i танкi, i самалёты. А тутака гэта брыда бальшавiцкая ўжо на нос лезiць. А як такую баявую армiю падгатовiш, калi сукiны сыны да гэтага часу нам арганiзаваць яе нi пазвалялi? Жарцiкi, колька вунь нашых людзей задарма лягло! Нiхай-бы так раней, скажам, у сорак другiм падпругу папусьцiлi... Тады мы iм, гэтай нячыстай сiле, бальшавiком так паказалi-б, дзе ракi зiмуюць, што iм сам барадаты Маркс нi памог-бы. Цьфу!

Янук ведаў, што Антось у дрэнным настроi й пасьля таго "цьфу" нi раскатурхаеш яго да гутаркi. Будзе сядзець, маўчаць, адчэпнага буркне. А колькi яшчэ Янук хацеў яго распытацца. I нагода-ж! Як яно так сталася, што абое яны, як прадстаўнiкi ад народу ў Менск на беларускi кангрэс едуць? Праўда, Антось быццам мiмаходам згадаў, што ён i на тым кангрэсе будзе сваё адмысловае заданьне мець, адно ня выявiў характару яго. I ведаў Янук, што калi трэба будзе яму дык даведаецца. Антось заўсёды гаварыў яму ўсё, што трэба было ведаць, але мала больш таго. А калi што надта важнае й тайнае, дык яшчэ й слова зь яго, Янука, браў, абяцаньне такое, што тайнiцы нiкому ня выдасьць. А пра тое адмысловае заданьне, якое меў Антось на кангрэсе мець, тымчасам не сказаў Януку нi слова.

Кагадзе паклiкаў Янука, якi амаль цэлую вясну ў яго пры гаспадарцы працаваў, аграном Падгайскi й сказаў:

- Хочаш, Янук, у Менск паехаць? - спытаў.

- Чаго гэта? - зацiкавiўся хлапец.

Падгайскi коратка расказаў яму пра кангрэс, якi склiкае Беларуская Цэнтральная Рада, што маюць там быць прадстаўнiкi з усяе Беларусi, у тым лiку й ад Гацкае воласьцi. Янук даў аграному яшчэ некалькi пытаньняў.

- А цi я не замалады, каб быць народным прадстаўнiком?

- Табе ўжо васемнаццаць мiнула, значыцца маеш права й выбiраць, i галасаваць. Дый нам важна, каб на кангрэсе зьявiўся наш перадавы нацыянальны актыў. Кумекаеш?

Янук зразумеў з паўслова. Перш за ўсё гэнае "нам важна" так гучала ў вуснах Падгайскага, быццам ён быў адным з гаспадароў i арганiзатараў таго кангрэсу. А яшчэ важней, што й Янук, вiдаць, згодна Падгайскага й iншых гаспадароў, належаў да "перадавога нацыянальнага актыву". Вось як! Бахмач аж падрос.

- А што будзе на кангрэсе, якая праграма?

- Коратка скажу: будуць гаварыць i раiцца пра цяперашняе й будучае беларускага народу. Гэта нешта падобнае, як кангрэс, што быў у сьнежнi 1917 году. Разумееш?

- Але. Толькi мяне цiкавiць, што Немцы дазвол далi. Бо калi параўнаць да таго кангрэсу зь сямнаццатага году, дык ён-жа палажыў пачаткi працэсу, што прывёў да абвешчаньня незалежнасьцi Беларускай Народнай Рэспублiкi. А цяперака, што, таксама будзем гаварыць пра незалежнасьць?

- Надзвычайна трапнае пытаньне, - адказаў Падгайскi. - Вiдаць, што не дарма ў цябе галава на плячох вырасла. Дык вось што... Думаю, што пра незалежнасьць там будуць гаварыць, толька ня ведаю ў якой форме й пра незалежнасьць ад каго. Пэўне-ж, заакцэнтуюць, што хочам i маем права, i пастанаўляем быць незалежнымi ад Польшчы й ад Расеi. Гэта ясна. Пра Немцаў можа й памаўчаць, хоць кожнаму будзе зразумела. Дыпляматыя. Кумекаеш? Напэўна выкажуцца, што спадзяюцца ад Немцаў помачы, каб на ногi стануць.