Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 220

К Акула

- Ты-ж сам, здаецца, разумееш сытуацыю. Важна, што цяперака гарачы гiстарычны момант: бачыш, што Немцы падаюць, а заходнiя алiянты даўно высадзiлiся ў Нармандыi й Немцы адступаюць у Францыi на цэлым фронце. А тутака бальшавiкi ўжо пачынаюць цi скора пачнуць летнюю афэнзыву. Скора зьмятуць зь Беларусi ўсё Гiтлерава войска. А мы? Мы мусiм прадаўжаць змагацца з маскоўскiмi акупантамi, маючы свае базы ў лясох i ўсюды, куды нашы караткаватыя рукi сягнуць могуць. I мы мусiм мець нейкую гiстарычную й маральную ды легальную аснову, значыцца за намi мусiць стаяць голас народу. Гэта ўсё адно з другiм вяжыцца. I хоць за стрэламi гарматаў i ваенным гулам можа нейкiя народы й не пачуюць голас беларускага народу, прадстаўнiкi якога цяперака зьбяруцца на кангрэс у Менску, важна, што мы, сыны й дочкi гэтага народу пачуем яго й самi выкажымся. А я пэўна, што на кангрэсе наш народ выкажыцца ўва ўсiх прынцыповых пытаньнях, якiя адносяццада нашай палiтычнай сытуацыi й аформiць нейкую базу, на каторай мы зможам стануць у будучым змаганьнi за незалежнасьць Беларусi.

Янук заўважыў, што звычайна спакойны Падгайскi гаварыў хутка, з натхненьнем, як-бы хацеў канчаткова закончыць палiтычную адукацыю юнака, што даваў яму, калi меў час, цэлую вясну, калi Янук працаваў у яго.

- Коратка гаворачы, братка, - закончыў аграном, - кангрэс ёсьць афармленьнем думак, iмкненьняў, спадзяваньняў i палiтычных плянаў беларускага народу, сьцьверджаньнем ягоных адвечных, Богам даных правоў, на самастойнае жыцьцё. Кангрэс склiкаюць ня Немцы, Палякi цi Маскалi, а мы самi. На яго паедуць найбольш перадавыя й адданыя народу сыны й дочкi Беларусi й будзь пэўны, што яны парупяцца сказаць i зрабiць тое, што трэба. Калi можа ня скажуць абсалютна ўсяго, што трэба было-б, дык скажуць i зробяць самае галоўнае. А гэта надта важна для нас i яшчэ важней будзе для тых, што пасьля нас прыйдуць. Кумекаiш?

I ў часе таго, як паднечаны такой весткай Янук слухаў агранома, якi матываваў патрэбу склiканьня кангрэсу й гаварыў пра яго значэньне, Янук ужо ўяўляў сябе ў Менску. Дзесьцi там, у паперах будзе запiсаны й ягоны голас як аднаго з прадстаўнiкоў ад Гацкае воласьцi, якi, ведама-ж, выкажа й жаданьнi абсалютнае бальшынi жыхароў тае маленькае часткi бацькаўшчыны.

I прыгадалiся яму першыя радкi вершу, якiм некалi дэбютаваў як паэт на сьвяце ўгодкаў 25-га Сакавiка ў Гацях:

Сакавiк ладзiць слаўнае веча,

а ў тэатры гудзе, бы ў вульлi,

пазьяжджалiся зблiзку й з далечы

пасланцы беларускай зямлi.

Цяжка было Януку асвоiцца з думкаю, што i ён возьме ўдзел у такiм гiстарычным зборы. Прыгадаў, як калiсьцi зь вялiкай цiкавасьцю даведаўся ад настаўнiкаў пра Першы Ўсебеларускi Кангрэс, як хваляваўся, чуючы, што нарэшце беларускi народ, пасьля пару стагодзьдзяў Гальготы, знайшоў сiлы, палiтычны розум i мудрасьць, каб паслаць сваiх прадстаўнiкоў у Менск, якiя ня гледзячы на розную злыбяду з боку ворагаў, на правакацыi, на збройную сiлу, пасьля доўгiх разважаньняў пра долю свайго народу, палажылi такiя салiдныя асновы для свайго вольнага дому, а пасьля й абвесьцiлi вольную й незалежную дзяржаву - Беларускую Народную Рэспублiку. I прыгадваў далей Янук як, слухаючы таго-ж настаўнiка-патрыёту, - якi й сам з дрыжачым ад хваляваньня голасам апавядаў, як наляцела з усiх бакоў нячыстая хэўра, каб раськiдаць фундамант пачатага беларускага дому, - балела яму сэрца й сьлёзы залiвалi вочы. I вульканам кiпела злосьць. Найбольш нясьцерпным было ўсьведамленьне бясьсiльнасьцi. Яшчэ поўбяды, каб гэта была бясьсiльнасьць адно ягоная, Янукова. Але з гэных лекцыяў гiсторыi ясна вiдаць было, што бясьсiльным быў цэлы народ. Якая ў такой сытуацыi цана адно самой дэклярацыi пра незалежнасьць?